Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Паўла Левінава не ўключылі ў абласную выбарчую камісію. Нават праз суд

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што падчас фармавання Віцебскай абласной выбарчай камісіі мела месца дыскрымінацыя: старшыня абласнога савету Уладзімер Цярэнцьеў кепска азваўся пра яго, выступаючы перад прысутнымі, паведамляе "Віцебская Вясна".

Павел Левінаў на судзе. Фота Радыё Рацыя
Павел Левінаў на судзе. Фота Радыё Рацыя

"Слова ўзяў Уладзімер Цярэнцьеў, старшыня аблсавету, і ў гэтыя 6 мінут 40 секунд не было сказана аніводнага добрага слова, затое гучалі абразлівыя выразы, паведамлялася непраўдзівая інфармацыя, і ўсе мае дзелавыя і маральныя якасці былі аблітыя чорнай фарбай", – тлумачыць Павел Левінаў.

Праваабаронца паспрабаваў абскардзіць рашэнне наконт фармавання абласной выбарчай камісіі ў Віцебскім абласным судзе. Але суд у асобе Наталлі Хількевіч ягоную скаргу не задаволіў.

Паводле Левінава, абласны суд не разабраў ягоную скаргу па сутнасці: у ёй казалася пра дыскрымінацыйны падыход да аднаго з прэтэндэнтаў, а ў пастанове прагучала, што парушэнняў заканадаўства не было і што зацверджаны склад камісіі адпавядае ўсім адпаведным патрабаванням.

Летась праваабаронца ўжо меў досвед працы ў абласной выбарчай камісіі, якая працавала падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Сёлета сітуацыя змянілася.

"Левінаў для ўладаў рэальна небяспечны. Ён праваабаронца, які адстойвае правы грамадзянаў, сочыць за выкананнем закону. І калі раней улады маглі ўключыць яго ў камісію ў якасці гульні, то цяпер, калі ўлада захісталася, такія "элементы" катэгарычна мусяць быць выключаныя са складу камісіі", – лічыць актывіст Алег Паўлаў, які прысутнічаў на судзе.

Выбарчым заканадаўствам прадугледжаная магчымасьць абскардзіць рашэнне пра фармаванне камісій праз суд. Але ў Беларусі яшчэ не было такіх выпадкаў, каб суд прызнаў дзеянні прадстаўнікоў уладаў незаконнымі і каб камісіі былі расфармаваныя і сфармаваныя наноў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары