Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ТВК у Магілёўскай вобласці: Жанчын у два разы болей, чым мужчын

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” прааналізавалі склад тэрытарыяльных выбарчых камісій па Магілёўскай вобласці. Усяго ў рэгіёне было створана 26 выбарчых камісій.

У кожную камісію было ўключана максімальная колькасць членаў – 13 чалавек, хаця выбарчае заканадаўства прадугледжавае “вілку” – ад 9 да 13 членаў. Агулам – 338 чалавек.

Пры гэтым жанчын у камісіях атрымалася амаль у два разы болей, чым мужчын – 222 супраць 116 адпаведна. Аднак адметная сітуацыя склалася ў Магілёўскай абласной камісіі, дзе падлічваць галасы будуць 10 мужчын і толькі 3 жанчыны.

Цікава, што ў двух раённых – Бабруйскай і Глускай – у складзе камісіі па 12 жанчын і толькі па 1 мужчыне.

Па спосабу вылучэння ў камісіі “пальму першынства” атрымалі вылучэнцы ад грамадзянаў – такіх па вобласці 97 чалавек. Другое месца па спосабу вылучэння – ў рознага роду праўладных прафсаюзаў, 58 чалавек.

47 членаў у ТВК вылучаныя ад працоўных калектываў, па 25 чалавек – ад БРСМ і ГА “Белая Русь”. Цікава, што толькі ў адной камісіі (Касцюковічскай раённай) няма прадстаўніка ад БРСМ, а яшчэ ў адной (Першамайскай раённай у г. Бабруйску) – прадстаўніка ад ГА “Белая Русь”.

Яшчэ ў камісіі патрапілі прадстаўнікі арганізацый ветэранаў – 27 прадстаўнікоў, Беларускага саюза жанчын – 21 прадстаўніца, Беларускага фонду міра – 18 чалавек, і Чырвонага Крыжа – 12 чалавек.

Партыйцы прадстаўлены слаба: толькі пяць членаў Камуністычнай партыі Беларусі і тры – ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ўвайшлі ў склад ТВК у Магілёўскай вобласці.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары