Сем патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта адкрылі выбарчыя рахункі
Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала абноўлены спіс выбарчых рахункаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Па стане на 27 траўня ў спісе шэсць рахункаў, піша "Радыё Свабода". Пазней пасля публікацыі з'явілася інфармацыя, што выбарчы рахунак таксама адкрыў Сяргей Чэрачань.
Таксама рахункі маюць:
- Андрэй Дзмітрыеў;
- Віктар Бабарыка;
- Алесь Таболіч;
- Ганна Канапацкая;
- Святлана Ціханоўская;
- Валер Цапкала.
Рахункаў яшчэ не маюць:
- Юры Ганцэвіч;
- Юрась Губарэвіч;
- Вольга Кавалькова;
- Мікалай Казлоў;
- Наталля Кісель;
- Аляксандр Лукашэнка;
- Уладзімір Няпомняшчых.
Памер фонду абмежаваны 9 тысячамі базавых велічыняў — сёлета гэта 243 тысячы рублёў або каля 101 тысячы даляраў. Грошы ў фонд можа ўносіць любы грамадзянін Беларусі (да 20 базавых — 540 рублёў), прымаюцца грошы і ад юрыдычных асобаў (да 50 базавых — 1350 рублёў), і з кішэні самаго патэнцыйнага кандыдата.
На выбарах 2015 году ніхто з кандыдатаў не набраў максімальную суму фонду ў 1,62 млрд рублёў (недэнамінаваных — гэта як цяперашнія 162 тысячы). На рахунак Аляксандра Лукашэнкі налічылі 1 541 935 рублёў, на рахунак Сяргея Гайдукевіча — 42 млн, Мікалая Улаховіча — 33,3 млн, Таццяны Караткевіч — 25 млн.
Як расказвала «Эўрарадыё» старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, Лукашэнка тады выкарыстаў найбольш на выраб агітацыйнай прадукцыі — звыш 1,276 млрд. Яшчэ 15,355 млн пайшлі на публікацыі ў СМІ, 34 млн — на арэнду памяшканняў для штабу, 216 млн — на «іншыя выдаткі».