У Баранавічах і Гродне пікеты ў падтрымку Святланы Ціханоўскай сабралі аншлаг
У аўторак 26 траўня ў Баранавічах і Гродне вельмі шмат людзей прыйшло на выбарчыя пікеты, каб падпісацца за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай - жонкі вядома блогера Сяргея Ціханоўскага. Сам Ціханоўскі, як кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы, прыехаў у Баранавічы, дзе сабраў нябачаную для горада колькасць жадаючых пакінуць свой подпіс у падтрымку яго жонкі.
У Гродне ў бягучую выбарчую кампанію гэта быў другі зафіксаваны пікет па зборы подпісаў. На гэты раз у цэнтры гораду над Нёманам збіраліся подпісы за Святлану Ціханоўскую. Подпісы афармляў адзін сябра ініцыятыўнай групы. Такім чынам утварылася чарга. Прысутнічалі журналісты і прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Міліцыі ці іншых назіральнікаў не было відаць.
Людзі прыйшлі падпісвацца па ўсёй імавернасці інфармаваныя праз адмысловы тэлеграм-канал прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.
Прыходзілі падпісвацца пераважна маладыя людзі, больш за ўсё сямейныя пары, якія стаялі адны ад другіх на сацыяльнай дыстанцыі. Людзям даводзілася стаяць досыць доўга, паколькі афармленне подпісаў звычайна афармляецца марудна.
Ніякай сімволікай пікет па зборы подпісаў не быў аформлены. Толькі на століку ляжаў тапак з надпісам “Стоп таракан”.
У Баранавічах пікет па зборы подпісаў за жонку блогера Сяргея Ціханоўскага Святлану сабраў нябачаную для горада колькасць людзей, якіх зацікавіла палітычнае мерапрыемства.
Па падліках назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксандра Вайцешыка, у першыя гадзіны (а пікет распачаўся ў 17.00) адначасова ля яго назіралася каля 600 чалавек. Але агульная лічба наведвальнікаў значна большая, бо ўсе пяць гадзін, пакуль стаяў пікет (з 17.00 да 22.00) падыходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Па ацэнцы назіральніка, каля дзевяці вечара ў чарзе стаяла каля 300 чалавек. Вядома, што частка людзей так і не паспела ў той дзень унесці свой подпіс.