У Віцебску прайшлі першыя пікеты па збору подпісаў – за Ціханоўскую і Чэрачня
Як паведамляе "Віцебская Вясна", 25 траўня ў Віцебску дзве ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцтва пачалі збіраць подпісы выбарцаў на пікетах, якія ладзілі на плошчы каля піраміды ТЦ «Марка-сіці». Подпісы можна было пакінуць за Сяргея Чэрачня («Чэ») і Святлану Ціханоўскую – жонку блогера «Краіны для жыцця» Сяргея Ціханоўскага.
Зборшчыкі подпісаў за Сяргея Чэрачня працавалі ад 12.00 – пад трэкі Віктара Цоя. Каб завабіць мінакоў, раздавалі нумары «Белгазеты» з вялікім інтэрвію «Чэ». Наракалі, што многія віцябляне пакуль што ад іх адмахваюцца: «Але ж гэта толькі пачатак!»
Бліжэй да вечара на пляцоўцы з'явіліся і прыхільнікі «Страны для жизни» Святланы Ціханоўскай.
Доўгай чаргі, як на мінскай «Камароўцы», яны не ўтварылі, але да стала з чырвоным тапкам пастаянна падыходзілі людзі.
Подпісы збіралі тры сябры ініцыятыўнай групы. Адзін з іх – Руслан Ахрамчук, на пытанне, колькі спадзяюцца сабраць подпісаў у Віцебску, жартам (а можа, і не) адказвае: «320 тысяч!»
«Пачатак пакладзены, ужо някепска. Людзі адзін за адным падыходзяць і будуць падыходзіць больш, я ўпэўнены», – сказаў сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.
Руслан паведаміў таксама, што сам блогер Ціханоўскі ладзіць зараз тур па гарадах Беларусі і збіраецца бліжэйшым часам наведаць Віцебск. Але калі гэта адбудзецца дакладна – пакуль невядома.
Група «Страна для жизни», якая зьбірае подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, плянуе працаваць у цэнтры гораду штодзень ад 17.00 да 20.00.
Ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты (у тым ліку дзейнага прэзідэнта) сваёй актыўнасці ў Віцебску пакуль не праявілі.