Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На пікеце каля Камароўкі выбаркам фіксаваў парушэнні пры зборы подпісаў. Што гэта было?

У нядзелю, 24 траўня, у Мінску прайшоў пакуль самы масавы ў Беларусі збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. На пляцоўцы каля Камароўскага рынку збіралася адначасова не менш за 500 чалавек, а чэргі расцягваліся прыкладна на 300 чалавек. На мітынгу-пікеце за збор подпісаў, як адзначыў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Алег Пашкевіч, акрамя выбаршчыкаў, сябраў ініцыятыўных груп, асоб, якія вылучаюцца ў кандыдаты, на пікеце прысутнічалі таксама прадстаўнікі выбарчых камісій, якія адразу правяралі падпісныя лісты і фіксавалі парушэнні. Як паведамляе bchd.info, было зафіксаванае парушэнне і на пікеце сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай.

Як гаворыцца на сайце прэс-службы БХД, яна запісвала людзей у назіральнікі і члены выбарчых камісій. Прадстаўніца камісіі палічыла гэта парушэннем і зафіксавала гэты факт.

"Падышла нейкая жанчына. Паказала нейкае пасведчанне. Сказала, што яна прадстаўніца тэрытарыяльнай камісіі і мы тут парушаем, так як збіраем тэлефоны. Хоць гэта нідзе не замацавана ў заканадаўстве. І я лічу, што гэта дадатковы ціск на тых, каго людзі сёння падтрымліваюць", – пракаментавала Вольга Кавалькова.

Дык ці было ўмяшанне выбаркама ў дзейнасць пікету?

Як адзначаюць аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", для таго, каб даць аб'ектыўную ацэнку правамернасці ўмяшання прадстаўніка выбарчай камісіі ў дзейнасць пікету па зборы подпісаў, неабходна пераканацца ў тым, ці вёўся фактычны збор подпісаў у падтрымку асобы, якая вылучаецца ў кандыдаты, ці не.

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка тлумачыць, што ў выпадку, калі асоба, якая вылучаецца ў кандыдаты, падчас пікету па зборы подпісаў у сваю падтрымку, паралельна ажыццяўляе збор кантактаў для сваёй каманды назіральнікаў на галасаванне або для вылучэння ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, то такая дзейнасць з'яўляецца правамернай. У дадзеным выпадку неабходна ажыццяўляць дбайную ацэнку такой дзейнасці з пункту гледжання дапушчальных абмежаванняў права на мірны сход, вычарпальны пералік якіх замацаваны ў артыкуле 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб). У такім выпадку вынясенне папярэджання асобе, якая вылучаецца кандыдатам, будзе ацэньвацца як абмежаванне права на мірныя сходы.

Іншая сітуацыя, калі асоба, якая вылучаецца кандыдатам, не збірае подпісы ў сваю падтрымку. У гэтым выпадку можна казаць, што дадзеная асоба злоўжывае статусам асобы, якая вылучаецца кандыдатам, паколькі выкарыстоўвае пікет па зборы подпісаў для іншых мэтаў, не звязаных са зборам подпісаў у сваю падтрымку.

Нагадаем, калі асоба, якая высоўваецца ў кандыдаты альбо члены яго ініцыятыўнай групы атрымліваюць на пасяджэнні выбарчай камісіі два папярэджанні, то гэта можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты (артыкул 49 Выбарчага кодэкса).

Як прайшоў збор подпісаў на "Камароўцы" ў Мінску 24 траўня:

Фотарэпартаж. Як у Мінску збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты

У Беларусі 21 траўня распачаўся важны этап выбарчай кампаніі – збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп, якія змогуць займацца зборам подпісаў. Каб вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты сябры ініцыятыўных груп павінны сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Калі ініцыятыўныя групы выбіраюць збор подпісаў шляхам пікетавання, то яны павінны праводзіцца ў незабароненых мясцовымі райвыканкамі месцах. Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня ўключна.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 


Каментары