Гародня: Першая актыўнасць вылучэнцаў у кандыдаты Чэрачэня і Цапкалы
У першыя выходныя пасля пачатку збора подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ў Гародні праявілі сваю актыўнасць два прэтэндэнты на гэты пост.
У суботу, 23 траўня, незалежныя назіральнікі зафіксавалі першы ў Гародні пікет па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. У горад над Нёманам са сталіцы прыехаў са сваёй камандай Сяргей Чэрачэнь, старшыня партыі БСДГ.
На цэнтральнай пешаходнай вуліцы Гародні ў досыць сонечны дзень было няшмат людзей. Некаторыя падыходзілі і падпісваліся за прэтэндэнта. Прысутнічалі журналісты з розных медый, якія задавалі Сяргею Чэрачэню шматлікія пытанні.
Таксама ў той дзень адбылася сустрэча прэтэндэнта ў кандыдаты Валерыя Цапкалы з яго камандай, з ініцыятыўнай групай. Па словах назіральніка Рамана Юргеля, які прысутнічаў на мерапрыемстве, сустрэча прайшла ў рамках выканання выбарчага заканадаўства.
Перад тымі, хто прыйшоў, выступіў Валерый Цапкала і кіраўнікі штабу ў рэгіёне. Усім былі выдадзеныя пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы і праведзены трэнінг па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Адбылося знаёмства з месцам размяшчэння штаба прэтэндэнта ў Гародні.