Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Новыя твары са старымі партфелямі. На Палессі сфармавалі раённыя выбарчыя камісіі

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў найбуйнейшых раёнах усходне-палескага рэгіёна прааналізавалі склад сфармаваных на сумесных паседжаннях прэзідыўмаў райсаветаў і райвыканкамаў раённых камісіяў па выбарах прэзідэнта.

Асаблівасцю сёлетніх паседжанняў стала тое, што на іх не было ні назіральнікаў, ні прадстаўнікоў зацікаўленых структураў. У сувязі з пандэміяй каранавірусу, паводле пастановы ЦВК, паседжанні трансляваліся ў інтэрнэце.

Збольшага склад раённых выбарчых камісіяў у Рэчыцы, Мазыры, Светлагорску, Калінкавічах і Хойніках амаль не адрозніваецца паводле структураў, вылучэнцы якіх туды патрапілі. Прэтэндэнты ад дэмакратычных палітычных структураў, апазіцыйных дзеючаму прэзідэнту, спрабавалі патрапіць у раённыя камісіі толькі ў Светлагорску, але іх туды прадказальна не ўключылі.

У камісіях прадстаўленыя чыноўнікі райвыканкамаў, супрацоўнікі розных дзяржаўных установаў і арганізацыяў, пенсіянеры з чынавенскім мінулым ды маладыя кіраўнікі раённых структураў БРСМ. 

Фармаванне Мазырскай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.
Фармаванне Мазырскай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.

Назіральнік ад кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» ў Мазыры Уладзімір Целяпун паведаміў, што персанальны склад раённай камісіі, у параўнанні са складам такой самай камісіі на выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе істотна змяніўся. Ад ранейшых камісараў засталіся толькі Пётр Зыкун – цяперашні дырэктар друкарні «Калор», вылучаны яе працоўным калектывам, які раней быў начальнікам Мазырскага РАУС, вылучаны групай грамадзян Сяргей Каробкін, які працуе ў інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце, а ў 2015-м узначальваў Мазырскі горналыжны комплекс, і Наталля Семянюк – дырэктар дзяржаўнай гандлёвай фірмы «Палессе», вылучаная Беларускім саюзам жанчын. Іншыя чальцы камісіі 2015 года проста фізічна не змаглі трапіць у камісію сёлета, бо нехта з чыноўнікаў пайшоў на падвышэнне ў «вобласць», кагосьці пасадзілі за карупцыю.

Да трох ранейшых дадаліся 10 новых чальцоў, праўда 9 з іх ужо забяспечвалі неабходны ўладам вынік летась падчас парламентскай кампаніі. Гэты дзясятак прадстаўлены вылучэнцамі прафсаюза работнікаў інфармацыі і культуры, прафсаюза дзяржаўных і іншых установаў, прафсаюза адукацыі і навукі, Таварыства Чырвонага Крыжа, КПБ, БРСМ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Беларускага фонду міру і група грамадзян вылучыла дырэктара галоўнага мазырскага дзяржаўнага гатэлю.   

Амаль такая самая сітуацыя і ў Калінкавічах. Назіральнік Андрэй Мядзведзеў паведаміў, што склад камісіі амаль ідэнтычны камісіі на парламентскіх выбарах 2019 года, за выключэннем, хіба, тых, хто тады прадстаўляў Акцябрскі раён, які ўваходзіў у Калінкавіцкую выбарчую акругу. Рудабельцаў давялося замяніць вернымі дзеючай уладзе каленкаўцамі. Тут таксама ва ўладных структурах з 2015 года адбыліся кадравыя змены, якія і выклікалі абнаўленне складу і кіраўніцтва раённай выбарчай камісіі.

Фармаванне Калінкавіцкай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.
Фармаванне Калінкавіцкай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.

Напрыклад, не працуе ўжо ў Калінкавіцкім райвыканкаме намеснікам старшыні Алег Макушынскі. Адпаведна, няма яго і ў камісіі. Затое, Алена Дзяргач засталася сярод чальцоў камісіі. Больш таго, у 2015 яна была сакратаром, бо працавала начальніцай аргаддзелу райвыканкама, а цяпер ўжо камісія абрала яе старшынёй, бо і выканкамаўскі партфель Алены Дзмітрыеўны за 5 гадоў зрабіўся больш важкім – падвысілі да кіраўніцы справамі райвыканкаму. Сакратаром жа стала цяперашняя начальніца аргаддзелу Алена Варабей. А на намесніцу старшыні прасунулі першую сакратарку райкаму БРСМ –  Таццяну Аргунову-Века, якая з мінулых прэзідэнцкіх выбараў паднабралася наменклатурнага досведу і паказала сваю адданасць прэзідэнцкай вертыкалі. Усяго ж склад раённай камісіі абнавіўся на 70%. Але і тут усе вылучэнцы ад усё тых жа структураў.

А вось у складзе Хойніцкай раённай камісіі з мінулых прэзідэнцкіх выбараў засталіся больш за палову чальцоў. Адчуваецца кадравы голад у пакалечаным Чарнобылем раёне. Хаця, у кіраўніцтва камісіяй далі дарогу маладым.

Фармаванне Хойніцкай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.
Фармаванне Хойніцкай раённай выбарчай камісіі. Скрын-шот з анлайн-трансляцыі.

«Захавала сваю пасаду намесніцы старшыні камісіі толькі інспектарка па рэжымна-сакрэтнай дзейнасці РАУС Святлана Гапоненка. Гэта вельмі яскрава паказвае, якімі будуць выбары ў Хойніках – рэжымна-сакрэтнымі, а не адкрытымі і галоснымі, як тое дэкларуецца ў законах», – зазначае назіральнік Андрэй Мядзведзеў.

Іншыя ж чальцы камісіі вылучаныя Аб’яднаннем ветэранаў, афіцыйнымі прафсаюзамі, «Белай Руссю», Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці, КПБ і групамі грамадзян.

Не даводзіцца спадзявацца на тое, што не стануць гэтыя выбары рэжымна-сакрэтнымі і ў Светлагорску. Тут, па-першае, як паведаміла назіральніца ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алена Маслюкова, трансляваць паседжанне прэзідыуму райсавета і райвыканкама, на якім меліся сфармаваць камісіі, пачалі праз 7 хвілін пасля пачатку. Дакладней, да таго не было чуваць, якія інструкцыі раздае старшыня выканкаму Дмітрый Алейнікаў.

«Гук на паседжанні з’явіўся, калі на трыбуне ўжо стаяла начальніца аргаддзелу выкагкама Фурманава, якая як раз казала, што ўдзельнікі паседжання нікому не абавязаныя абгрунтоўваць свой выбар, чаму яны прагаласавалі за тую ці іншую кандыдатуру», – распавядае Алена Маслюкова.

Вынікам стала тое, што ў камісію ўключылі толькі вылучэнцаў ад БРСМ, «Белай Русі», саюзу жанчын, афіцыйных прафсаюзаў і такіх партыяў, як КПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды. Пяцёра чальцоў ранейшай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах захавалі свае месцы і цяпер. Двух вылучэнцаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, актывістаў змагання за чыстае паветра ў Светлагорску Андрэя Смаленчука і Таццяну Наскову, вядома ж, у камісію не ўключылі. І тлумачыць чаму ніхто не абавязаны.

Шасцёра чальцоў выбарчай камісіі з трынаццаці на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года засталіся ў сёлетняй камісіі і ў Рэчыцы, паведаміў назіральнік Валер Пуціцкі. Гэта, у асноўным тыя, хто захаваў свае пасады ў раённай наменклатурнай сістэме. Тых жа, хто сыйшоў з пасадаў, замянілі новымі. Так, напрыклад, у 2015 годзе як раз трапіў у апалу да новапрызначанага старшыні райвыканкаму тагачасны намеснік старшыні па ідэалогіі, які разлічваў стаць старшынём, Віталь Атаманчук, вядомы сваімі жорсткімі захадамі па абмежаванні свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і нават сумлення. Таму яго ўпершыню паставілі не старшынём выбарчай камісіі, а намеснікам да старшыні – галоўнага рэдактара раённай газеты Ігара Сяргеева. Вось і сёлета – ужо новаму намесніку па ідэалогіі Аляксандру Горбачу давялося задаволіцца пасадай намесніка ў таго ж Сяргеева, які аж на трох выбарчых кампаніях прадэманстраваў, што патрэбны вынік забяспечваць умее. Ну і сакратаркаю стала новая загадчыца аргаддзела. Чальцамі ж – вылучэнцы ўсё тых жа структураў, што і ў іншых раёнах.

Такім чынам, нейкіх нечаканасцяў падчас фармавання выбарчых камісіяў у гэтай кампаніі на Палессі не адбылося. Асаблівасцю назіральнікі называюць хіба тое, што нікога не вылучылі працоўныя калектывы. Тых, каго раней прасоўвалі ў камісіі іх падначаленыя і калегі, цяпер вылучалі нейкія «групы грамадзян шляхам падачы заявы». Але на склад сфармаваных камісіяў гэта аніяк не паўплывала.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары