Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У выбаркамы Беларусі патрапілі толькі два прадстаўніка апазіцыі. Што сказаў суд?

Мінскія гарадскія структуры Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” падалі скаргі ў Мінскі гарадскі суд з мэтай аспрэчыць рашэнні аб неўключэнні прадстаўнікоў партыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых у сталіцы, піша narodny.org. Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаванне тэрытарыяльных камісій адбыўся ў Мінскім гарадскім судзе 22 траўня.

Па ўсёй краіне ад апазыцыйных палітычных партыяў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій ўключылі толькі двух чалавек: прадстаўніка БНФ у Віцебскую абласную камісію і прадстаўніка БСДП “Грамада” у адну з раённых камісій. Усяго па краіне ў склад 153 тэрытарыяльных камісій увайшло 1989 чалавек. Такім чынам, апазіцыя складае 0,1% ад агульнай колькасьці сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісій.

Агулам ад БНФ у тэрытарыяльныя камісіі ў Мінску былі вылучаныя тры чалавекі: Зміцер Каспяровіч і Юрый Чавусаў ў Мінскую гарадскую камісію і Андрэй Церашкоў у Цэнтральную раённую камісію. Аднак, 19 траўня сумесным рашэннем прэзідыуму Мінгарсавета і Мінгарвыканкама прадстаўнікам БНФ было адмоўлена ва ўключэнні ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій.

Партыя БНФ сцвярджае, што неўключэннем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 арт. 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”. Абсалютнае дамінаванне ў складзе тэрытарыяльных камісіяў лаяльных уладам структураў парушае прынцып роўнасці ўмоваў для ўсіх кандыдатаў на выбарах. Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, суды павінныя разгледзець скаргі на фармаванне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.

Суддзя Мінскага гарадскога суда А. Сямак вынесла адмоўнае рашэнне па скарзе Партыі БНФ на фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій у Мінску. Рашэнне ўступіла ў законную сілу неадкладна пасля абвяшчэння і абскарджванню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Рашэнне Мінскага гарадскога суда пракаментаваў Юрый Чавусаў, які прадстаўляў інтарэсы БНФ у працэсе разгляду справы:

Рашэнне суда абсалютна не адлюстроўвае таго, што было насамрэч выяўлена падчас судовага разібральніцтва. Пры азнаямленні з матэрыяламі справы мы пабачылі, што ў склад тэрытарыяльных камісій ўвайшлі людзі, чыё вылучэнне не было аформленае належным чынам. Напрыклад, вылучэнцы Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці аформілі паперы на вылучэнне ў склад камісій нядбайна і без пазначэння неабходных дадзеных, таму у Мінгарвыканкама не было законных падставаў на ўключэнне прадстаўнікоў гэтай структуры ў склад камісій. Таксама сур’ёзныя недахопы выявіліся ў паперах на вылучэнне прадстаўнікоў БРСМ, ГА “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын, Чырвонага Крыжа ды іншых праўладных псеўда-грамадскіх аб’яднанняў. Наадварот, пратаколы БНФ і Грамады былі афрмленыя бездакорна і мелі ўсе рэквізыты, якія патрабуюцца згодна з Выбарчым кодэксам.

Аднак у рашэнні суда абсалютна не даецца ацэнка таму факту, што ў склад камісій патрапілі людзі, вылучэнне якіх не было аформленае належным чынам і якія не мелі права быць у камсіях. Замест гэтага мы маем рашэнне, напісанае пад капірку са стандартным абгрунтаваньнем пра тое, што “Суд не мае права абмяркоўваць пытанні аб перавагах аднаго кандыдата перад другім, так як гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю суда”.

Суд Гомельскай вобласці таксама адхіліў скаргу мясцовай структуры АГП на рашэнне пра фармаванне Гомельскай абласной выбарчай камісіі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары