"Кандыдаты пратэсту" з Віцебшчыны абскардзілі рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 19 траўня прыняла пастанову аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў пяці "кандыдатаў пратэсту" з Віцебскай вобласці. Трое з іх – Наталля Стрэльчанка, Аляксандар Якушкоў і Уладзімір Кійко – падалі на гэтае рашэнне скаргі ў Вярхоўны суд, паведамляе "Віцебская Вясна".
Але прысутнічаць на судовым паседжанні ў Мінску былыя прэтэндэнты ў кандыдаты не плануюць.
"У нас няма незалежных судоў, і я не веру, што Вярхоўны суд стане на мой бок і раптам адменіць рашэнне Ярмошынай. Пры тым, што яна груба парушыла мае правы і правы іншых патэнцыйных кандыдатаў", – кажа Уладзімір Кійко.
У ініцыятыўныя групы "кандыдатаў пратэсту" уваходзіла больш за 500 чалавек з розных гарадоў краіны. Прычынай нерэгістрацыі большасьці групаў сталі выяўленыя "выпадковыя" людзі, якіх уключылі ў спісы нібыта без іх згоды. Высветлілася гэта нібыта падчас кантрольных тэлефанаванняў ЦВК людзям са спісаў.
"Пры разглядзе маёй заявы цэнтральная камісія спаслалася на звесткі пра тое, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты ўключаныя грамадзяне, якія не давалі згоду на ўдзел у ёй і не ведаюць пра існаванне такой групы. Пры гэтым ані агульная колькасць апытаных, ані колькасць апытаных, якія быццам бы заявілі, што не давалі згоды на ўдзел у ініцыятыўнай групе, камісіяй абвешчана не было, – тлумачыць Уладзімір Кійко. – Мяркую, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з апытаннем некалькіх чалавек, якія не пацвердзілі свайго намеру ўдзельнічаць у зборы подпісаў, з'яўляецца несувымерным захадам, які істотным чынам абмяжоўвае права на свабодны ўдзел у выбарах астатніх сябраў групы, якіх было больш за 500 чалавек".
У скаргах "кандыдаты пратэсту" просяць "прызнаць пастанову Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 19 траўня 2020 года аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзянаў незаконнай, бо ўшчамляе выбарчыя правы сябраў ініцыятыўнай групы". Таксама просяць "адмяніць пастанову Цэнтральнай камісіі".
Нагадаем ЦВК не зарэгістравала яшчэ ініцыятыўныя групы віцебскага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага, аршанскага актывіста Аляксандра Школьнікава і навапалачаніна Юрыя Касача.