Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік Леанід Свецік паскардзіўся на недопуск на паседжанне ТВК

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Віцебска Леанід Свецік накіраваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію аб недопуску яго на пасяджэнне Кастрычніцкай раённай камісіі гораду.

У скарзе назіральнік адзначае, што 20 траўня ён прысутнічаў на першым пасяджэнні камісіі, аднак пасля яго заканчэння старшыня камісіі Вольга Сыраедава аб’явіла, што адбудзецца другое пасяджэнне, на якім будуць абмяркоўвацца "тэхнічныя пытанні". Прысутнічаць на гэтым пасяджэнні старшыня камісіі Леаніду Свеціку забараніла.

Назіральнік лічыць, што Вольга Сыраедава сваімі дзеяннямі парушыла арт. 13 Выбарчага кодэксу, дзе замацавана – назіральнік мае права прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных камісій. Таксама ў гэтым жа артыкуле адзначана, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў Прэзідэнта ажыццяўляюцца адкрыта і галосна.

Леанід Свецік у скарзе просіць ЦВК аднавіць яго правы назіральніка і ўказаць старшыні Кастрычніцкай раённай камісіі г. Віцебска Вользе Сыраедавай на строгае выкананне патрабаванняў і нормаў выбарчага заканадаўства.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары