У Смаргоні абралі "надзейных" сябраў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі
21 траўня для грамадскасці сталі даступнымі вынікі сумеснага паседжання Смаргонскага райвыканкама і прэзідыўма Савета дэпутатаў, якое адбылося 20 траўня. На гэтым пасяджэнні сфармавалася Смаргонская раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Беларусі.
Пасяджэнне прайшло у закрытым рэжыме, без назіральнікаў, прамой трансляцыі пасяджэння райвыканкам не арганізаваў. Запіс для прагляду з’явіўся на сайце райвыканкама толькі на наступны дзень.
На пасяджэнні зацверджаны склад камісіі, у якую ўключана 13 чалавек. Ужо традыцыйна, пачынаючы з выбараў 2010 года, уключаюцца 5, вобразна кажучы, “штатных” сябраў камісіі . Гэта Раіса Захарыч, якая з’яўляецца дырэктаркай сярэдняй школы №5 і звычайна абіраецца старшынёй камісіі, Ядвіга Дзедуль – нязменны прадстаўнік кампартыі, Вольга Кавяка – супрацоўніца райвыканкама (не ўключалася толькі ў 2014 годзе), Галіна Козел – супрацоўніца ўладнай газеты “Светлы шлях” і Наталля Мердава – супрацоўніца дзяржаўнага ліцейна-механічнага завода.
Адметна, што у камісію ўвайшлі адразу два прадстаўнікі раённай бальніцы. Гэта намеснік галоўнага доктара Іван Кардзіс і начальнік аддзела кадраў Лілія Булава.
Трэба адзначыць, што галасаванне на пасяджэнні насіла відавочна фармальны характар. Вядучы, старшыня Савета дэпутатаў Сяргей Кудзяньчук у межах 5 секундаў вымаўляў “хто за”, “супраць”, устрымаліся”, “прынята”, не агалошваючы пры гэтым лічбы падліку.