Гродна: Назіральнікі звярнуліся ў ЦВК і аблвыканкам з-за тэхнічнага збою ў трансляцыі
Гарадзенскія назіральнікі Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця і Святлана Рудкоўская звярнуліся ў ЦВК і да старшыні аблвыканкаму Краўцова В.У. з адпаведнымі лістамі, у якіх указваюць на праблемы ў відэатрансляцыя з сумеснага пасяджэння прэзідыума Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў і Гарадзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, калі тыя стваралі Ленінскую і Кастрычніцкую раённыя выбарчыя камісіі.
Справа ў тым, што пасяджэнне не адпавядала патрэбным крытэрам, таму што прамая трансляцыя рэзка перапынілася праз 42 хвіліны пасля пачатку і больш не аднаўлялася, і нават у запісу не паўтаралася.
На відэатрансляцыі пасяджэння было бачна, што прысутныя там асобы паспелі разгледзець да канца пытанні па ўтварэнню Ленінскай тэрытарыяльнай камісіі і зацвердзіць колькасны i персанальны склад. А вось трансляцыя ўтварэння Кастрычніцкай камісіі была абарваная. Мажліва па тэхнічных прычынах. Але і гэта не зразумела, бо адпаведныя структуры не выступілі з тлумачэннямі гэтага моманту.
Таму назіральнікі не лічаць, што пасяджэнне прайшло адкрыта і галосна, як таго патрабуе арт. 13 Выбарчага кодэкса. З-за знікнення трансляцыі не было відаць персанальнага галасавання па 10 сябрах камісіі.
У сваіх лістах назіральнікі прапанавалі правесці праверку па гэтым факце, надрукаваць інфармацыю па выніках праверкі і ўсё ж паставіць на сайт Гарадзенскага гарвыканкаму відэазапіс таго пасяджэння. Таксама яны просяць прыняць меры рэагавання і правесці навучанне працаўнікоў органаў выканаўчай улады для перадухілення такіх праблем у будучым.