Гародня: ТВК сфармаваныя па звыклым сцэнары
У Гародні дыстанцыйна фармаваліся тэрытарыяльна-выбарчыя камісіі. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партый у іх не трапіў.
Былі арганізаваныя відэатрансляцыі пасяджэнняў прэзідыумаў з гарвыканкаму і аблвыканкаму. Трансляцыя з гарвыканкаму, праўда, была арганізавана кепска – у канцы яна абарвалася, відаць з тэхнічных прычын. Галасаванне па 10 кандыдатурах ў ТВК Кастрычніцкага раёну Гародні назіральнікі і выбарцы не маглі ўбачыць. Фармальна гэта парушэнне выбарчага кодэксу, а менавіта артыкулу 13. Што характэрна, ніякіх тлумачэнняў з боку гарвыканкаму на афіцыйным сайце на гэты конт не з'явілася.
Што характэрна, запісы відэатрансляцый не прадугледжана абавязкова выстаўляць на афіцыйных сайтах. Такім чынам тыя, хто не змог убачыць прамой відэатрансляцыі, не мае магчымасці пазнаёміцца з тым, як фармаваліся камісіі. У некаторых раёнах такія запісы выстаўляюцца на афіцыйныя сайты.
Пасяджэнне ў гарвыканкаме вёў Мечыслаў Гой, а выступала начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Сняжана Кучынская. На пасяджэнні абмяркоўвааліся дзелавыя якасці кандыдатур. Крытэрамі адбору быў «досвед працы ў ранейшых камісіях, камунікабельнасць, цвёрдасць у дасягненні пастаўленых мэтаў».
Трансляцыя па ўтварэнні абласных выбарчых камісій была добрай якасці. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкаму Уладзімір Краўцоў. Выступаў начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Валерый Клімовіч, які агучваў спісы. Як адзначане назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель, з усіх прысутных на пасяджэнні толькі адзін чалавек быў у масцы, сацыяльная дыстанцыя не выконвалася ў паловы тых, хто сядзеў.
Па Гарадзенскай вобласці ўсяго вылучалася ад дэмакратычных партый 4 чалавекі: ад БСДП Грамада - 1 у Гарадзенскую абласную, ад Партыі БНФ - 1 у ТВК Ленінскага раёну Гародні і 1 - у Слонімскую раённную, ад АГП - 1 у абласную, але пакет дакументаў ад АГП не прыйшоў у адпаведны тэрмін. Ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных партыў у склад ТВК у выніку не ўключаны.
Таксама ў склад абласной ТВК вылучаліся па адным прадстаўніку ЛДПБ і КПБ.
Усяго ў абласную ТВК вылучалася 12 чалавек ад праўладных, нібыта грамадскіх арганізацый (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, ГА "Белая Русь", Фонд міру, ГА ветэранаў) 1 чалавек - шляхам збору подпісаў. Па словах Рамана Юргеля, у склад абласной ТВК увайшлі бюджэтнікі, галоўны ўрач, педагогі, дырэктары, якія «добрасумленна» працавалі на мінулых выбарах усіх узроўняў.
Прадстаўнік БСДП Грамада не быў уключаны ў абласную ТВК - супраць яго прагаласавалі ўсе прысутныя на пасяджэнні. Не прайшоў туды і прадстаўнік ЛДПБ. А вось прадстаўніца КПБ, дырэктарка кінатэатру "Красная звезда" Жэнні Баглык была абраная.
Такім чынам Гарадзенская абласная ТВК сфармаваная з 13 чалавек. Зацверджаны склад камісіі ў параўнанні з 2015 годам абнавіўся на 7 чалавек, а ў параўнанні з 2019 годам - на 4 чалавекі.
У склад 19 раённых ТВК вылучалася па 13 чалавек на 13 месцаў. А ў склад Гарадзенскай абласной - 16 чалавек на 13 месцаў, у Ленінскай і Кастрычніцкай ТВК вылучалася па 15 чалавек на 13 месцаў. Лішнія вылучэнцы былі дружна і ўпэўнена “адсеяныя” пры галасаванні.