Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: склад адной ТВК не змяніўся зусім, а другой – менш, чым на палову

Бабруйскі гарвыканкам
Бабруйскі гарвыканкам

20 траўня ў 8 гадзін раніцы адбылося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў і гарадскога выканаўчага камітэта Бабруйска па фарміраванні тэрытарыяльных выбарчых камісій. Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у Бабруйску Сяржук Лацінскі не прысутнічаў на пасяджэнні, бо згодна з Пастановай ЦВК №13, яно праводзілася ў адсутнасць прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзянаў, СМІ і іншых запрошаных асобаў. Відэа-запіс пасяджэння быў размешчаны на афіцыйным сайце Бабруйскага гарвыканкам каля 13 гадзін дня. 

Сяржук Лацінскі прааналізаваў ход паседжанняў і галасавання па кандыдатурах, а таксама параўнаў склады ўдзельнікаў ТВК сёлятняй і парламенцкай выбарчых кампаній.  

Так, у Ленінскую ТВК было пададзена 15 заяў, дзве з якіх “адбракавалі”. Астатнія 13 кандыдатур патрапілі ў камісію: сярод іх прадстаўнікі БРСМ, Фонду міра, Белай Русі, Камуністычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Беларускага саюза жанчын, арганізацый ветэранаў і прафсаюзаў. Склад удзельнікаў камісіі поўнасцю супаў з папярэднім, сфармаваным падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў.

У Першамайскую ТВК таксама патрапілі 13 з 15 прэтэндэнтаў. Пры гэтым больш за палову (7 чалавек) былі ўключаныя ў такую ж камісію ў прошлым годзе – на выбарах дэпутатаў парламента. Тут таксама лічыць галасы выбаршчыкаў будуць давераныя прадстаўнікі з БРСМ, Беларускага саюза жанчын, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, прафсаюзаў, ветэранскіх арганізацый, вылучэнцы ад грамадзянаў і працоўных калектываў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары