Віцебская абласная выбарчая камісія сфармаваная: Смолікаў – увайшоў, Левінаў – не
Як паведамляе "Віцебская Вясна", 19 траўня на сумесным паседжанні Віцебскага аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў была створаная Віцебская абласная выбарчая камісія па выбарах прэзыдэнта краіны. У складзе камісіі – сем прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, чатыры чалавекі ад партый, два – вылучаныя грамадзянамі.
Паводле рашэння ўладаў, у камісію з 16 прэтэндэнтаў былі прызначаныя 13 чалавек. Гэта максымальная колькасьць, дазволеная дзейным заканадаўствам.
Адметная асаблівасць створанай камісіі: у ёй не будуць прадстаўленыя працоўныя калектывы, якія, па інфармацыі старшыні Віцебскага аблсавету Уладзімера Цярэнцьева, адмовіліся выстаўляць сваіх кандыдатаў з прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёне.
Не ўсе прадстаўнікі палітычных партый, якія вылучалі сваіх кандыдатаў у сябры Віцебскай АВК, будуць працаваць у ёй.
За бортам, у прыватнасці, апынуўся прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Філеня. Улады палічылі, што палітык не гатовы працаваць у камісіі, бо зрабіў памылкі ў падатковай дэкларацыі пры спробе стаць кандыдатам у дэпутаты парламенту ў 2019 годзе.
Іншыя апазыцыйныя партыі, якія традыцыйна змагаюцца за сяброўства ў камісіі, а менавіта Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Абʼяднаная грамадзянская партыя, гэтым разам не вылучалі сваіх кандыдатаў у абласную выбарчую камісію.
Улады станоўча ацанілі колішнія заслугі ў падрыхтоўцы і правядзенні выбараў такіх абласных партыйных структур, як Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.
У склад уключылі кіраўніка абласной арганізацыі БНФ
Было нечаканасцю, што ў лік сябраў АВК увайшоў абласны кіраўнік апазыцыйнай да дзейнага палітычнаму рэжыму Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.
Але цалкам чакана было і тое, што ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі не ўключылі прадстаўніка Рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсінкскі камітэт" Паўла Левінава. Яшчэ падчас ягонай працы ў камісіі на нядаўніх выбарах дэпутатаў парламэнту з боку кіраўніцтва акруговых камісій і АВК у дачыненні да Левінава выказваліся не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі, звязаныя з яго эксцэнтрычнымі паводзінамі. Пры гэтым усе прызнавалі, што Павал Левінаў дасканала ведае выбарчае заканадаўства і не можа мірыцца з любымі парушэннямі нормаў закону і права.
У склад ВАВК увайшлі прадстаўнікі сямі грамадзкіх абʼяднаньняў, якія ня маюць ускосных дачыненьняў да палітыкі, але па волі чыноўнікаў з аблвыканкаму і аблсавету атрымалі максымальнае прадстаўніцтва ў камісіях. Гэта прадстаўнікі РГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фонду Міру, прафэсійных саюзаў і арганізацый ветэранаў.
У цэлым фармаванне Віцебскай абласной выбарчай камісіі прайшло ў адпаведнасці з патрабаваннем дзейнага выбарчага кодэксу. Тым не менш, прытрымліванне фармальных патрабаванняў закону дазволіла ўладам сфармаваць камісію з тых людзей, якія праз тры месяцы мусяць даць жаданы для іх электаральны вынік.
Першае паседжанне выбарчай камісіі запланаванае на 21 траўня.