Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Месцы для збору подпісаў на Берасцейшчыне: самыя суровыя ўмовы – у абласным цэнтры

У Брэсцкай вобласці вызначыліся з месцамі, дзе будзе забаронена праводзіць пікеты з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі. Самы вялікі спіс забароненых месцаў у Брэсце, а ў многіх раённых цэнтрах на гэты конт прынятыя даволі "ліберальныя" пастановы. 

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на парламенцкіх выбарах-2019 у Брэсце. Ілюстрацыйнае фота
Збор подпісаў у Брэсце за вылучэнне кандыдатаў на парламенцкіх выбарах-2019. Ілюстрацыйнае фота

Брэст і Брэсцкі раён

У Брэсце даволі вялікі спіс месцаў, дзе з 21 мая па 19 чэрвеня будзе забаронена збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў. Па-першае, пад такія абмежаванні трапіў цэнтр горада. Забаронена арганізоўваць пікеты на галоўнай плошчы горада - плошчы Леніна, на ўчастку вуліцы Пушкінскай, які абмежаваны плошчай Леніна і вуліцай Карла Маркса, і на ўчастку вуліцы Леніна, які абмежаваны вуліцай Міцкевіча і вуліцай Гогаля. Для параўнання, падчас парламенцкіх выбараў у 2019 годзе ў гэтым спісе прысутнічала толькі плошча Леніна.

Таксама забаронена збіраць подпісы на тэрыторыя Брэсцкай крэпасці, на вакзалах, станцыях, на галоўным аўтавакзале.

Акрамя таго, немаленькі спіс тых будынкаў, ад якіх нельга ладзіць пікеты на адлегласці менш за 50 метраў. Гэта пункт пропуску "Брэст", будынкі аблвыканкама, гарвыканкама, райвыканкама, раённых адміністрацый, пракуратуры вобласці і горада, УУС, АУС Ленінскага, Маскоўскага і Брэсцкага раёнаў, ваенных камісарыятаў, аблсуда, будынкаў КДБ, Следчага камітэта, камітэта судовых экспертыз, аддзелаў Дэпартамента аховы, МНС, Тэлерадыёкампаніі "Брэст", тэрыторый вайсковых часцей і культавых будынкаў.

Што тычыцца Брэсцкага раёна, то там абмежаванняў няшмат: нельга праводзіць пікеты на адлегласці менш за 20 метраў ад сельскіх выканкамаў; воінскіх частак, пагранічных застаў, і пунктаў памежнага пропуску.

Баранавічы і Пінск: не бліжэй, чым за 50 метраў ад будынкаў дзяржапарату

У Баранавічах нельга збіраць подпісы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынка гарвыканкама і Савета дэпутатаў, будынкаў Следчага камітэта, КДБ, суда, пракуратуры і міліцыі. Падобны спіс абмежаванняў і ў Пінску. Толькі там, акрамя пералічанага, нельга падыходзіць блізка да вайсковага камісарыяту і Дэпартаменту аховы, а вось ля будынка Савета дэпутатаў сабіраць подпісы можна.

Вобласць адна, а забароны па раёнах розныя

У большасці раёнаў Брэсцкай вобласці вырашылі вызначыць 20 метраў у якасці мінімальнай адлегласці, на якой павінны праводзіцца пікеты па зборы подпісаў. За выключэннем двух раёнаў: Лунінецкага і Драгічэнскага. У Лунінецкім раёне забаронена збіраць подпісы бліжэй за 30 метраў ад райвыканкама і Мікашэвіцкага гарвыканкама, суда, пракуратуры, Следчага камітэта, АУС. У Драгічанскім раёне 30-метровая "забароненая зона" адносіцца толькі да будынка райвыканкама. Такім чынам, у гэтым раёне адны з самых "ліберальных" умоў для правядзення пікетаў.

Ва ўсіх астатніх раёнах гаворка ідзе аб адлегласці ў 20 метрах ад будынкаў дзяржапарату і іншых будынкаў. Напрыклад, у Баранавіцкім раёне нельга збіраць подпісы на адлегласці менш за 20 метраў ад сельскіх выканкамаў, а таксама ад Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і Ляснянскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Таксама там забаронена ладзіць пікеты на жд-станцыях.

У большасці іншых раёнаў спіс будынкаў, паблізу якіх нельга збіраць подпісы, прыкладна падобны. У Бярозаўскім раёне нельга гэта рабіць на вакзалах, станцыях, пасадачных платформах і на адлегласці менш за 20 метраў ад райвыканкама, Белаазёрскага гарвыканкама, суда, пракуратуры, АУС. У Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнах спіс такі ж. У Камянецкім і Івацэвіцкім раёнах-прыкладна гэтак жа, толькі няма забароны на пікеты на станцыях і вакзалах. У Столінскім раёне – на той жа адлегласці ад выканкама (у тым ліку ў Давыд-Гарадку), суда, пракуратуры, РАУС, ваеннага камісарыята, СК. А вось у Іванаўскім раёне, хоць таксама забаронена збіраць подпісы занадта блізка да суду, пракуратуры, АУС, затое няма забароны на райвыканкам.

Раёны, дзе ў зборшчыкаў подпісаў будзе больш за ўсё свабоды

Акрамя ўжо згаданага Драгічанскага раёна, дзе арганізоўваць пікеты па зборы подпісаў можна ўсюды, акрамя 30-метровай адлегласці ад выканкама, самымі "ліберальнымі" раёнамі апынуліся Маларыцкі, Пружанскі, Кобрынскі, Жабінкаўскі і Пінскі. У Маларыцкім раёне забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш за 20 метраў ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, сельскіх выканкамаў і Саветаў дэпутатаў. У Пружанскім, Жабінкаўскім, Кобрынскім - на той жа адлегласці толькі ад мясцовых райвыканкамаў. А ў Пінскім раёне адзінымі забароненымі месцамі сталі прыпынку чыгуначнага транспарту. Характэрна, што падчас мінулай выбарчай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў самыя жорсткія ўмовы былі ў Пружанскім раёне.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары