Назіральніка Андрэя Коцю акрэдытавалі ў Гарадзенскай раённай ТВК толькі з другой спробы
Тэрытарыяльная выбарчая камісія (ТВК) Гарадзенскага раёна 19 траўня адмовіла доўгатэрміноваму назіральніку кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Андрэю Коцю ў акрэдытацыі.
Андрэй Коця быў вылучаны назіральнікам на сходзе Беларускага Хельсінкскага камітэту. 19 траўня ён прыйшоў на першае пасяджэнне ТВК, на якім абіралася кіраўніцтва камісіі. Ужо напрыканцы пасяджэння, калі Коця пайшоў рэгістравацца, узнікла праблема.
Выбарчай камісіі не спадабалася тое, што сакратара С.В. Чайкі, які падпісваў дакумент аб вылучэнні Андрэя Коці ў якасці назіральніка, няма ў спісе прысутных на пасяджэнні Рады БХК, якія пералічаны ў гэтым дакуменце.
Сакратар Чайка мог і не прысутнічаць на пасяджэнні – менавіта так раённая ТВК бачыць сітуацыю і гэтым матывавала адмову ў акрэдытацыі.
Андрэй Коця плануе яшчэ раз звярнуцца ў камісію для акрэдытацыі. У выніку паўторнай адмовы ён будзе абскарджваць рашэнне Гарадзенскай раённай ТВК у абласной выбарчай камісіі.
Дапоўнена: На наступны дзень, 20 траўня, выбарчкая камісія па Гарадзенскім раёне ўсё ж акрэдытавала Андрэя Коцю ў якасці доўгатэрміновага назіральніка.