Міншчына: дзе забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў?
У Беларусі збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандытаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прадугледжаны з 21 траўня па 19 чэрвеня. Мясцовыя выканкамы ў парадку артыкула 61 Выбарчага кодэксу вызначаюць забароненыя для гэтага месцы ў раёнах. Як ідуць справы ў гэтым пытанні на Міншчыне і што змянілася ў параўнанні з папярэдняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй?
Мінск: папярэджанне аб прыняцці мер супраць COVID-19
Як адзначае назіральнік “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лойка, у Мінску сітуацыя з папярэдняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй амаль не змянілася. Адзінае новаўвядзенне ў гэтым пытанні – гэта напамін ў мэтах мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 пра выкананне членамі ініцыятыўных груп супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і санітарна-эпідэміялагічнай службы горада Мінска. Астатнія выканкамы Міншчыны ў сваіх рашэннях устрымаліся ад нагадванняў пра стрымліваючыя меры супраць COVID-19 пры зборы подпісаў.
Як і раней, ў Мінску забаронена збіраць подпісы на Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа. Таксама забараняецца пікетаванне з мэтай збору подпісаў на аб'ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, мастоў і пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог, у падземных пешаходных пераходах, а таксама на тэрыторыі на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.
Пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь можа праводзіцца з 8:00 да 22:00 гадзін.
Маладзечна: месцаў для збораў подпісаў стала больш
Як паведамляе назіральнік “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандр Капуцкі, у Маладзечне і раёне адбылася некаторая лібералізацыя адносна месцаў збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. У прынятым 12 траўня рашэнні сярод месцаў, забароненых для такогу збору значацца толькі аб’екты чыгуначнага транспарту – пасадачныя платформы станцый і прыпыначных пунктаў, а таксама прыпыначныя пункты грамадскага транспарту.
"На мінулых прэзідэнцкіх выбарах гэты спіс быў крыху шырэйшы. Так тады нельга было збіраць подпісы на адлегласці меншай за 20 метраў ад тых жа аб’ектаў чыгуначнага транспарту, будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цеплазабеспячэння, установы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя). Без канкрэтызацыі тут жа былі пазначаны месцы, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця і здароўя грамадзян, а таксама там, дзе можна перашкодзіць працы арганізацый і руху транспарту. Цяпер гэтага няма", – адзначае Аляксандр Капуцкі.
У дзевяці гарадах Мінскай вобласці забаронена збіраць подпісы на плошчах
У Вілейцы ў пераліку забароненых месцаў цяпер адсутнічаюць прыпыначныя пункты грамадскага транспарту, але затое ёсць “цэнтральная плошча горада Вілейка”. Збіраць подпісы на плошчах забаронена яшчэ ў васьмі гарадах Мінскай вобласці.
Збіраць подпісы выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандытаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь забаронена на цэнтральнай плошчы ў горадзе Барысаў. Таксама ў Барысаве забароненымі месцамі прызнаныя пасадачныя платформы аб'ектаў чыгуначнага транспарту і аўтавакзалу горада.
Слуцкі райвыканкам таксама забараніў збіраць подпісы на цэнтральнай плошчы горада. Акрамя гэтага, у Слуцку забаронена збіраць подпісы і на прыпынках транспарту. Аналагічнае рашэнне прыняў суседскі Салігорскі райвыканкам.
У Беразіно месцам, забароненым для правядзення пікетавання, прызналі частку цэнтральнай плошчы па вуліцы Кастрычніцкай.
Стаўбцоўскі райвыканкам прызнаў, што забаронена збіраць подпісы на мясцовай плошчы Бяссмерця, а таксама на аб’ектах чыгуначнага транспарту. Аналагічнае рашэнне прыняў і Смалявіцкі райвыканкам. Тут подпісы забаронена збіраць на цэнтральнай плошчы Смалявіч, а таксама на аб’ектах чыгуначнага транспарту і прыпыначных пунктах грамадскага транспарту.
У Чэрвені забаронена збіраць подпісы на мясцовай плошчы Свабоды, акрамя тэрыторыі парку, размешчанага на названай плошчы. Як і многіх гарадах, тут забаронена збіраць подпісы на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту (у межах пасадачных платформаў).
У Копылі забароненым месцам для збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандытаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прызналі мясцовую плошчу Леніна, а таксама прыпыначныя пункты грамадскага транспарту (у межах пасадачных платформаў).
Клецкі райвыканкам прыняў рашэнне, што подпісы забаронена збіраць на мясцовай плошчы Маякоўскага, а таксама на аб’ектах чыгуначнага транспарту.
У параўнанні з іншымі гарадамі і раёнамі Міншчыны даволі шырокі спіс забароненых месцаў прыняў Нясвіжскі райвыканкам. Тут подпісы забаронена збіраць на аб'ектах чыгуначнага транспарту на тэрыторыі Нясвіжскага раёна, на мясцовай Ратушнай плошчы, а таксама на тэрыторыі ўсіх аб'ектаў дзяржаўнай установы Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.
Забаронена пікетаванне толькі на прыпынках грамадскага транспарту
Так, Старадарожскі выканкам забараніў збіраць подпісы толькі на некаторых пасадкавых платформах чыгуначных станцый раёна і мясцовай аўтанстанцыі.
У Жодзіне забаранілі збіраць подпісы на аб’ектах чыгуначнага транспарту і станцыях “Жодзіна”, “Жодзіна-Паўднёвы”. У Валожыне забароненымі месцамі для для правядзення пікетаў у мэтах збору подпісаў прызналі аб'екты чыгуначнага транспарту (станцыі «Валожын» і «Багданава»).
У Дзяржынску, акрамя аб'ектаў чыгуначнага транспарту, прызналі забароненымі месцамі для збору подпісаў прыпынкі грамадскага транспарту.
Аб тым, што забаронена збіраць подпісы на чыгуначных і аўтобусных станцыях і прыпынках прынялі адпаведнае рашэнне Пухавіцкі, Любанскі, Уздзенскі, Клецкі, Лагойскі, Мядзельскі райвыканкамы.
Мінскі райвыканкам забараніў збіраць подпісы менш за 50 метраў ад будынкаў Заслаўскага гарадскога, Мачулішчынскага пасялковага, а таксама сельвыканкамаў, размешчаных у Мінскім раёне. Акрамя гэтага, на аб’ектах чыгуначнага транспарту і на прыпынках грамадскага транспарту ў Мінскім раёне.