"Кандыдаты пратэсту" паскардзіліся на ЦВК у Вярхоўны суд
Цэнтрвыбаркам 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі васьмі ініцыятыўным групам "кандыдатаў пратэсту" палітыка Мікалая Статкевіча. Не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя груп прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак Анжалікі Жалезняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Нікалайчык, Вікторыі Хаценка, Ігара Кляшчука, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай. "Кандыдаты пратэсту" падалі скаргу на рашэнне ЦВК у Вярхоўны суд, бо лічаць яго незаконным.
Прычынамі ў адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп паслужыла наступнае. Па-першае, ЦВК палічыў, што шэраг звестак у дачыненні да 38 грамадзян з 560 чалавек не адпавядае рэчаіснасці. Па-другое, Цэнтрвыбаркам палічыў, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ўключаны грамадзяне, якія не давалі згоду на ўдзел у ёй і наогул не ведаюць пра існаванне такой групы. Паводле падлікаў ЦВК такая колькасць чалавек складае 47 чалавек.
"Кандыдаты пратэсту" не згодныя з довадамі ЦВК і лічаць, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з наяўнасцю тэхнічных памылак у звестках у 38 чалавек, апытаннем 8 чалавек, якія не пацвердзілі свайго намеру ўдзельнічаць у зборы подпісаў у складзе ініцыятыўнай групы, а таксама аднаго чалавека, які з'яўляецца непаўналетнім, з'яўляецца несуразмернай мерай. На іх думку, гэтая мера абмяжоўвае права на вольны ўдзел у выбарах астатніх 513 чалавек, якія ўваходзяць у ініцыятыўную групу, па якіх прэтэнзій у Цэнтральнай камісіі не ўзнікла.
«Пастанова Цэнтральнай камісіі аб істотным абмежаванні выбарчых правоў 513 чалавек, дакументы аб уключэнні ў склад ініцыятыўнай групы адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, не заснавана на законе, паколькі яно вынесена без дбайнай ацэнкі патрабаванняў артыкула 61 Выбарчага кодэкса аб мінімальнай колькасці ініцыятыўнай групы ў 100 чалавек», — адзначаецца ў скарзе.
"Кандыдаты пратэсту" просяць Вярхоўны суд правесці праверку і прызнаць пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад 15 траўня незаконнай, якая ўшчамляе выбарчыя правы 513 сябраў ініцыятыўнай групы.