Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На прэс-канферэнцыі незалежных назіральнікаў названыя два важныя аспекты выбараў-2020

Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак. Скрыншот з видэаканферэнцыі
Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак. Скрыншот з видэаканферэнцыі

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” правялі 13 траўня першую анлайн прэс-канферэнцыю, прысвечаную пачатку доўгатэрміновага назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Каардынатар незалежнай грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч спыніўся на бягучай грамадска-палітычнай сітуацыі напачатку выбарчай кампаніі, адзначыўшы два фактары, якія будуць моцна ўплываць на выбарчыя працэсы.

Негатыўны і непрымальны ўплыў рэпрэсій на ход выбараў

“Беларускія ўлады распачалі выбарчую кампанію з прамых рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, а менавіта да палітычных актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, - адзначае Лабковіч. - Практычна ад самага пачатку, з дня абвяшчэння выбараў, гэтая кампанія адзначылася масавым і жорсткім пераследам грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі выказвалі свой мірны пратэст, а гэта больш за 100 чалавек затрыманых, і абуральна, што сярод іх былі і назіральнікі і журналісты”.

Праваабаронцы рашуча пярэчаць такой практыцы і патрабуюць неадкладнага спынення пераследу ўдзельнікаў мірных пратэстаў, а ў першую чаргу безумоўна журналістаў і праваабаронцаў, і патрабуюць неадкладнага вызваленння журналістаў і праваабаронцаў Аляксандра Буракова, Уладзіміра Вялічкіна, Рамана Кісляка, Алеся Асіпцова, Зміцера Лупача, Міхаіла Аршынскага і зразумела ўсіх блогераў, якія патрапілі пад рэпрэсіўную машыну.

Патрабуем неадкладнага вызвалення арыштаваных сябраў ПЦ “Вясна” і спынення іх пераследу ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю

Мы, сябры Рады ПЦ “Вясна”, пратэстуем супраць нічым не прыхаванага пераследу і ўціску сябраў нашай арганізацыі за ажыцяўленне імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Уладзімір Лабковіч адзначае, што падобная сітуацыя стварае вельмі неспрыяльны фон для выбарчай кампаніі, які сведчыць пра тое, што, магчыма, улады вырашылі ўзяць кірунак на пераслед магчымых яе удзельнікаў: актывістаў выбарчых штабоў, зборшчыкаў подпісаў, агітатараў, назіральнікаў і непасрэдна саміх прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты.

Праваабаронцаў асабліва непакоіць і абурае сітуацыя з Сяргеем Ціханоўскім. Улады стварылі такія ўмовы, пры якіх вядомы блогер, які адбывае пакаранне, не можа праз даверанасць падаць на рэгістрацыю сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК, нават адвакат не можа патрапіць да яго. Актывіст заявіў аб сваім жаданні прыняць удзел у выбарчай кампаніі і ў выніку будзе пазбаўлены такога права.

Бяспека ва ўмовах пандэміі і празрыстасць выбарчых працэдур

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак:

“Працягваючы гаворку аб адметнасцях сёлетняй выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі каранавіруса, адзначу, што ўзмацняецца небяспека для людзей захварэць падчас выбарчых мерапрыемстваў. А з іншага боку, існуе вялікая небяспека таго, што эпідэміялагічная абстаноўка можа быць перашкодай для ўдзелу ў выбарчых мерапрыемствах, што знізіць легітымнасць выбарчага працэсу і можа стаць перашкодай для рэалізацыі актыўнага і пасіўнага выбарчага права”.

Таму праваабаронцы звярнуліся ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі з шэрагам адмысловых прапаноў.

Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў

Удзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі 29 красавіка ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года.

Алег Гулак акцэнтуе ўвагу на тым, што важна знайсці баланс паміж неабходнасцю забяспечыць умовы і працэдуры, якія б мінімізавалі рызыку захворвання і ў той жа час захавалі сутнасць саміх выбарчых працэдур.

"Трэба шукаць такі баланс у кожнай працэдуры, пачынаючы ад працы камісій (каб там не захварэлі ўсе), каб потым было каму падводзіць вынікі выбараў. Таксама важна каб пад час збору подпісаў ці агітацыі, ці самога галасавання, людзі мелі адэкватныя магчымасці ўдзельнічаць у кампаніі без рызыкі для здароўя" - кажа праваабаронца. 

Былі прапанаваныя меры дыстанцыянавання ў тых месцах, дзе будзе адбывацца падлік галасоў, на выбарчых участках, варыянты электронных анлайн-зносін і іншыя тэхнічныя сродкі вонкавага кантролю. 

Цэнтральная выбарчая камісія адказала праваабаронцам, што не ў стане ўкараняць іх прапановы па правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі, спаслаўшыся на недахоп часу для прыняцця прапанаваных захадаў.

Адзінае што было паабяцана: паседжаніі выканкамаў па фарміраванні камісій павінны транслявацца, каб забяспечыць празрыстаць працэдур.

У ходзе анлайн-канферэнцыі прагучала некалькі пытанняў журналістаў,  якія тычыліся верагоднасці міжнароднага (АБСЕ і СНД) і партыйнага назірання, магчымасцяў назірання самой кампаніі, бяспекі  ўдзелу ў назіранні валанцёраў.

Поўная трансляцыя  анлайн-канферэнцыі змешчана тут.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары