«Пытанняў больш, чым адказаў». Як будуць назіраць за беларускімі выбарамі падчас пандэміі
Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня, а гэта азначае, што ў траўні павінны фармавацца выбарчыя камісіі. Між тым, не сціхае прырост хворых на каронавірус. Як у такіх умовах арганізаваць назіранне за выбарамі і ці прыедуць у Беларусь назіральнікі ад АБСЭ? Гэтыя пытанні карэспандэнт "Радыё Свабода" задаў праваабаронцу і юрысту Валянціну Стэфановічу, які шмат гадоў бярэ актыўны ўдзел у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што як толькі стала вядома пра прызначэнне выбараў на 9 жніўня, «Вясна» правяла працоўную нараду, на якой абмеркавалі перспектывы назірання за выбарамі ва ўмовах пандэміі.
«Пытанняў у нас саміх больш, чым адказаў, бо сітуацыя для ўсіх цалкам новая. Пакуль бачым толькі асобныя ўчасткі, дзе назіранне магчымае», — прызнаў Валянцін Стэфановіч.
«Паседжанні камісій онлайн можна толькі вітаць»
Паводле Валянціна Стэфановіча, перад арганізатарамі назірання за падрыхтоўкай да выбараў адразу паўстае задача мінімізаваць кантакт назіральнікаў з сябрамі камісій. Якраз тут з'явіліся станоўчыя перспектывы, мяркуе праваабаронца.
«Мы бачым што ЦВК пачаў правядзенне паседжанняў у онлайн-рэжыме, сёння якраз такое было паседжанне. Калі і іншыя камісіі, якія будуць створаныя ў хуткім часе — абласныя, гарадзкія, раённыя, — правядуць паседжанні таксама онлайн з магчымасьцю доступу ўсіх ахвотных, дык гэта можна вітаць, бо назіранне для ўсіх спрашчаецца. Але пры ўмове, што онлайн будзе ў поўным аб’ёме. Ня толькі з абмеркаваннем, але і з галасаваннем. Інакш што за назіранне, калі трансляцыя будзе выбарачная? Але трэба зазначыць, што рызыка для сябраў саміх камісій усё роўна застаецца, бо яны будуць з'бірацца ў адным памяшканьні. Як там гэта будзе вырашацца, незразумела», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
«Хто рызыкне паставіць подпіс на пікеце або адчыніць дзверы збіральніку подпісаў?»
Што да іншых важных перадвыбарчых працэдур, то яснасьці, паводле Валянціна Стэфановіча, таксама вельмі мала. Асабліва пры зборы подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта.
«А як быць са зборам подпісаў? Прычым ясна, што самымі ўразлівымі групамі будуць якраз прадстаўнікі незалежных кандыдатаў, бо за Лукашэнку подпісы збіраць лягчэй: на дзяржаўных прадпрыемствах, у іншых месцах, дзе спрацуе адміністрацыйны рэсурс. А вось апазыцыйныя кандыдаты мусяць для збору подпісаў ісьці на вуліцы ды па кватэрах.
Ці рызыкне хто ў такіх абставінах адчыніць кватэру? Пытанне. Колькі людзей адважыцца падысьці да пікету па зборы подпісаў? Таксама пытанне. А другое — хто рызыкне працаваць на гэтых пікетах ці хадзіць па кватэрах, калі трэба кантактаваць з сотнямі людзей? Напэўна, знойдуцца смельчакі, будуць працаваць у масках, але гэта ж значна абмяжоўвае магчымасьці любога незалежнага кандыдата. Таму вельмі шмат пытаньняў. Што і як рабіць, мяркую, ня ведае ніхто», — лічыць праваабаронца.
ЦВК адхіліў прапановы праваабаронцаў скарэктаваць правілы правядзення выбараў з улікам пандэміі. Чаму?
Валянцін Стэфановіч асудзіў беларускія ўлады за тое, што ва ўмовах пандэміі спачатку яны вырашылі не адмаўляцца ад суботніка, потым ад парадаў, а цяпер даюць старт выбарчай кампаніі, фактычна ніяк яе не карэктуючы з улікам пандэміі.
Прызначэнне выбараў на 9 жніўня праваабаронца звязвае з тым, што ўлады ня хочуць мяняць падрыхтаваны ўжо сцэнар выбараў, у якім проста няма месца такім непажаданым кандыдатам, як блогер з Гомля Сяргей Ціханоўскі.
«Глядзіце, цяпер ён ужо ніяк не паспявае падаць заяву на ўдзел у кампаніі і правесьці збор подпісаў», — адзначыў Валянцін Стэфановіч. Змены, якія прымае ЦВК у сувязі з пандэміяй, праваабаронца назваў фармальнымі.
«Онлайн пакуль толькі заяўлены, але ня факт. Яшчэ, можа, у масках і пальчатках будуць праводзіць паседжанні камісій, але і тут па сутнасьці нічога не змянілі. Галоўнае ж — сам падлік галасоў, наколькі ён празрысты. Дык тут усё засталося як было. Мы прапаноўвалі весьці падлік галасоў онлайн — не прынята. Прапаноўвалі, каб падлік вёў адзін сябра камісіі, які б дэманстраваў прысутным бюлетэні, — таксама не прынята. Як адхілена і прапанова, каб пратаколы адразу выкладваліся ў інтэрнэт. То бок усе прынцыповыя прапановы не прынятыя, а значыць, вынікі такога галасавання цалкам прадказальныя і зноў будуць на карысьць аднаго кандыдата, імя якога ўсім нам вядома», — лічыць Валянцін Стэфановіч.
Ці прыедуць назіральнікі ад АБСЭ?
Праваабаронца не бярэцца прадказаць, ці прыедуць на беларускія выбары назіральнікі ад АБСЭ. Валянцін Стэфановіч нагадаў, што звычайна яны вядуць назіранне доўгатэрміновае — за перадвыбарчым працэсам, і кароткатэрміновае — непасрэдна ў дзень выбараў.
«І тое, і тое для замежных назіральнікаў рызыкоўнае, бо запатрабуе шмат сустрэч з людзьмі. Таму якое рашэнне прыме БДІПЧ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека) АБСЭ — мне прадказаць цяжка. Пэўна можна меркаваць, што беларускія ўлады запросяць міжнародных назіральнікаў, бо ім патрэбны іх удзел у назіранні, каб потым сказаць, што нічога не хавалася. Мяркую, 50 на 50, што міжнародныя назіральнікі прыедуць. А калі прыедуць, то зноў адзначаць шэраг парушэнняў, выкажуць свае прынцыповыя рэкамэндацыі, але беларускія ўлады іх зноў фактычна праігнаруюць», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.
Паводле прадстаўніка «Вясны», рашэнне аб старце назіральнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у якой бярэ ўдзел таксама Беларускі Хельсінскі камітэт, яшчэ не прынятае.
«Днямі гэта будзе вырашана», — запэўніў Валянцін Стэфановіч.