Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ААН і АБСЕ склалі рэкамендацыі па правядзенні выбараў у перыяд пандэміі COVID-19

ААН і АБСЕ апублікавалі сумесную дэкларацыю з рэкамендацыямі дзяржавам па забеспячэнні свабоды выказвання меркавання і правядзенні выбараў у эпоху лічбавых тэхналогій у сувязі з перыядам пандэміі каранавіруса COVID-19.

У дэкларацыі Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ гаворыцца, што дзяржавам варта ствараць нарматыўна-прававую і інстытуцыйную аснову, якая спрыяе развіццю свабодных, незалежных і плюралістычных СМІ, якія могуць прадастаўляць выбаршчыкам доступ да найбольш поўнай, дакладнай і надзейнай інфармацыі аб партыях, кандыдатах і выбарчым працэсе ў цэлым.

СУМЕСНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ "АБ СВАБОДЗЕ ВЫКАЗВАННЯ МЕРКАВАННЯ І ВЫБАРАХ У ЭПОХУ ЛІЧБАВЫХ ТЭХНАЛОГІЙ"

Дзяржавам варта забяспечыць, каб любыя абмежаванні свабоды выказвання меркавання, якія прымяняюцца ў перыяд выбараў, падпарадкоўваліся тром крытэрам міжнароднага заканадаўства аб правах чалавека — законнасці, правамернасці мэты і неабходнасці, маючы на ўвазе наступнае:

1) Недапушчальная папярэдняя цэнзура сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку з дапамогай такіх сродкаў, як адміністрацыйнае блакаванне вэб-сайтаў сродкаў масавай інфармацыі або адключэнне інтэрнэту.

2) Любыя абмежаванні права на перадвыбарчую агітацыю павінны адказваць міжнародным стандартам, у тым ліку ў той іх часткі, якая патрабуе ад публічных фігур большай, чым у звычайных грамадзян, памяркоўнасці да крытыкі ў свой адрас і пільнай увагі да сваёй дзейнасці.

3) Недапушчальна, каб законы аб дэзінфармацыі насілі агульны характар або былі невыразнымі, напрыклад, уключалі забарону "ілжывых навін" або "неаб'ектыўнай інфармацыі".

4) Любыя абмежаванні, якія ўводзяцца ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі, якія асвятляюць апытанні грамадскай думкі падчас выбараў, таксама павінны строга адпавядаць названым тром крытэрам.

У дэкларацыі адзначаецца, што "дзяржавам варта ствараць сістэмы, якія забяспечваюць працаздольны доступ да інтэрнэту і іншым лічбавым тэхналогіям для ўсіх слаёў насельніцтва", незалежна ад полу, расы, нацыянальнай прыналежнасці і сацыяльнага становішча".

Акрамя таго, ААН і АБСЭ заклікалі ўлады дзяржаў пераканацца ў тым, "каб любыя абмежаванні свабоды выказвання меркавання, якія ўжываюцца ў перыяд выбараў, падпарадкоўваліся крытэрыям міжнароднага заканадаўства аб правах чалавека".

У дэкларацыі адлюстраваны рэкамендацыі для недзяржаўных суб'ектаў, у прыватнасці для лічбавых і традыцыйных відаў СМІ, а таксама для партый, палітыкаў і кандыдатаў.

Нагадаем, 29 красавіка ўдзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года.

Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў

Праваабаронцы канстатантавалі наяўнасць патэнцыйнай небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян ва ўсіх працэдурах выбарчага працэсу, якія прадугледжваюць кантакт людзей, а тым больш, знаходжанне людзей у адным месцы як у памяшканні, так і на адкрытым паветры. Яны мяркуюць, што ўспрыманне гэтай небяспекі будзе перашкодай для свабоднага ўдзелу грамадзян і палітычных суб'ектаў у выбарчым працэсе, прывядзе да зніжэння легітымнасці выбараў і можа стаць сур'ёзным бар'ерам для рэалізацыі найважнейшых правоў выбаршчыкаў і актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу.


Каментары