Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прадстаўнікі ЕС: Заклікаем неадкладна вызваліць усіх затрыманых цягам мінулай ночы

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюзу ў замежных справах і палітыцы бяспекі, віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Жазэп Барэль і камісар па пытаннях добрасуседства і пашырэння ЕС Олівер Варгей прынялі 10 жніўня сумесную заяву аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт ЕС.

"9 жніўня ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі выбары прэзідэнта. Еўрапейскі саюз неаднаразова выказваў надзеі, што выбары мусяць адбыцца без парушэнняў.

Ноч выбараў была азмрочаная непрапарцыйным і непрымальным дзяржаўным гвалтам супраць мірных удзельнікаў акцый. Гэта, як паведамляецца, прывяло да гібелі аднаго грамадзяніна, а многія іншыя атрымалі раненні. Мы асуджаем гвалт і заклікаем неадкладна вызваліць усіх затрыманых цягам мінулай ночы. Беларускія ўлады павінны забяспечыць выкананне асноўнага права на мірныя сходы.

Пасля беспрэцэдэнтнай мабілізацыі да свабодных выбараў і дэмакратыі беларускі народ зараз разлічвае на дакладны падлік сваіх галасоў. Цэнтральнай выбарчай камісіі неабходна апублікаваць вынікі, якія адлюстроўваюць выбар беларускага народа.

Толькі адстойванне правоў чалавека, дэмакратыі, свабодных і сумленных выбараў гарантуе стабільнасць і суверэнітэт Беларусі. Мы будзем працягваць уважліва сачыць за падзеямі, каб ацаніць, як далей фарміраваць сваю рэакцыю і адносіны ЕС з Беларуссю з улікам сітуацыі, якая развіваецца", — гаворыцца ў заяве.

З заклікам да беларускай міліцыі вызваліць усіх арыштаваных з ночы 9 на 10 жніўня выказаўся прэзідэнт Латвіі. Ён таксама заклікаў АБСЕ заняцца расследаваннем выбараў у Беларусі. Польшча ініцыявала надзвычайны саміт Еўрасаюзу па Беларусі.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары