Аналітычная справаздача па выніках назірання за перадвыбарчай агітацыяй
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Высновы
- Агітацыйная кампанія істотна адрознівалася ад папярэдніх выбараў шырокай актыўнасцю пратэстнага электарату як у Мінску, так і ў невялікіх беларускіх гарадах.
- Магчымасці атрымліваць інфармацыю аб кандыдатах у Прэзідэнты былі сур’ёзна абмежаваныя мясцовымі выканкамамі, якія рэзка скарацілі колькасць месцаў для перадвыбарчай агітацыі. У многіх выпадках гэтыя месцы былі непрыдатныя для мэтаў агітацыі (маланаведвальныя, у дрэннай транспартнай даступнасці і інш.).
- Праявы актыўнасці ўдзельнікаў кампаніі і саміх выбаршчыкаў па-за вылучанымі месцамі кваліфікаваліся як парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а грамадзяне прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў.
- Перадвыбарчая агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: адмовіўшыся ад афіцыйнай агітацыі, дзеючы Прэзідэнт максімальна скарыстаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і СМІ. Перанесенае з красавіка на 4 жніўня штогадовае пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу шырока тыражавалася ў СМІ, што служыла агітацыяй за кіраўніка дзяржавы як аднаго з кандыдатаў.
- У рэгіёнах інтэнсіўна арганізоўваліся сустрэчы давераных асоб дзеючага Прэзідэнта і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Яны ішлі ў працоўны час, на працоўных месцах і не заўсёды анансаваліся, на некаторыя такія сустрэчы не пускалі журналістаў ці забаранялі падчас іх фатаграфаваць.
- Прынятыя па ініцыятыве дзеючага кіраўніка дзяржавы і кандыдата ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі меры заахвочвання ў выглядзе павышэння пенсій, пераносу на больш ранні тэрмін іх выплаты, з’яўляюцца фактычна подкупам выбаршчыкаў і праявай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса.
- Найбольш актыўнай і заўважнай у грамадстве стала кампанія Святланы Ціханоўскай разам з прадстаўніцамі аб’яднанага штабу. Мітынгі ў яе падтрымку наведалі дзясяткі тысяч людзей у розных гарадах краіны.
- Штабы альтэрнатыўных кандыдатаў у Прэзідэнты актыўна выкарыстоўвалі інтэрнэт і сацыяльныя сеткі для агітацыі на карысць сваіх кандыдатаў, а таксама відэасэрвіс YouTube.
- Дзяржаўныя СМІ агітацыю на карысць дзеючага Прэзідэнта спалучалі з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных кандыдатаў. У эфіры праграм беларускага тэлебачання рэгулярна выкарыстоўваліся факты крымінальнага пераследу ўдзельнікаў выбарчай камапаніі і матэрыялы крымінальных спраў, што парушае прэзумпцыю невінаватасці.
- Для прасоўванная негатыўнага вобразу альтэрнатыўных кандыдатаў і іх праграм, а таксама для іх дыскрэдытацыі ўпершыню актыўна выкарыстоўваліся Telegram-каналы.
Files
- etapnaja-agitacija-bel-2.pdf (0.39 Mb)