Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Паступілі скаргі на незалежных назіральнікаў ад назіральнікаў з першай пяцёркі"

Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць паведамляць аб парушэннях на выбарчых участках. Але дапусцілі на самі ўчасткі нямногіх. Абсалютная большасць назіральнікаў кампаніі (94,5%) не трапіла ў квоты назіральнікаў, вызначаных згодна з пастановай ЦВК № 15, паколькі былі акрэдытаваныя пазней, чым першыя тры/пяць назіральнікаў, і не былі дапушчаныя для назірання.

Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Яна Галаган акрэдытаваная ў Мінску на ўчастку №37 Заводскага раёна. Яе адразу ўключылі ў графік назірання за датэрміновым галасаваннем 7 жніўня, але ўвечары перад назіраннем за 10 хвілін да закрыцця ўчастка ёй патэлефанаваў старшыня ўчастковай камісіі і сказаў, што яна "выключаецца з графіка з-за шматлікіх скаргаў назіральнікаў".

Незалежная назіральніца кампаніі распавяла, як яе не дапусцілі да назірання, пра парушэнні на ўчастку і пагрозы выправадзіць з участка з дапамогай міліцыі.

yana_halahan.jpg
Незалежная назіральніца Яна Галаган

Назіральніцу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Яну Галаган на ўчастку для галасавання №37, размешчаным у сярэдняй школе № 131 Мінска, запісалі ў кнігу акрэдытацыі пад нумарам 12. 

"Камісія мяне сустрэла вельмі спакойна. Але ўсе пачалі смяяцца, калі мяне прадставілі "чарговай назіральніцай". Першая пяцёрка назіральнікаў была зарэгістраваная адным почыркам і ручкай ад 25 чэрвеня, хоць акрэдытацыя назіральнікаў пачалася не раней за 23 ліпеня", – распавядае назіральніца.

"Паведамляю Вам аб тым, што графік абнавіўся, і Вы з яго выключаныя"

Назіральніцы адразу патлумачылі парадак уключэння яе ў графік назірання. Старшыня камісіі Віктар Кніжэнка сказаў, што паведаміць па тэлефоне аб рашэнні ўключыць яе у графік назірання. 30 ліпеня ёй патэлефанавалі з камісіі і прапанавалі некалькі свабодных дат для назірання. Назіральніцу кампаніі ўключылі ў графік назірання 7 жніўня з 10 да 14. Аднак прыступіць да назірання на ўчастку яна так і не змагла.

"6 жніўня ў 17.50 мне патэлефанаваў старшыня камісіі Віктар Кніжэнка, з якім адбыўся кароткі дыялог:

– Яна Андрэеўна? Гэта Вас старшыня камісіі турбуе. Я паведамляю Вам аб тым, што графік абнавіўся і Вы з яго выключаны.

– На якой падставе?

– Шмат скаргаў паступае ад такіх назіральнікаў, яшчэ раз Вас папярэджваю, што вы выключаныя.

– Якія скаргі? Вы ж разумееце, што гэта незаконна?

– Так, я вас праінфармаваў? З новым графікам можаце азнаёміцца на ўчастку, калі Вам гэта трэба.

– Натуральна, заўтра пазнаёмлюся, але Вы лічыце гэта правільным, паведамляць мне літаральна за некалькі гадзін да назірання аб гэтым па тэлефоне?

– Усё, я вас праінфармаваў. Да пабачэння".

"Я не маю права назіраць за галасаваннем, перасякаць рысу ўчастка, здымаць на фота- і відэа"

Назіральніца на наступную раніцу, 7 жніўня, паехала на ўчастак, каб азнаёміцца з "абноўленым" графікам. Аднак адразу ёй і гэтага зрабіць не ўдалося, бо ёй сказалі чакаць сакратарку камісіі. 

uchastok_5678.jpg
Сакратарка УВК №37 Заводскага раёна

"Я адыходзіла і слухала, як сябры камісіі абмяркоўваюць, што зноў старшыня штосьці напрыдумляў і зноў сам змяніў графік. Гэта дало мне зразумець, што я не першая, з кім так абышліся.

У гэты час сакратарка ішла па калідоры з торцікам. Я ёй дала час, каб пакінуць рэчы ў кабінеце. Але там ёй паведамілі, што "стаіць дзяўчынка, у якой ёсць пытанні". Сакратарка адразу выйшла з прамовай пра тое, што я выключаная. Яна сказала, што паступілі скаргі на незалежных назіральнікаў ад назіральнікаў з першай пяцёркі ў спісе аб тым, што мы парушаем іх правы, бо ўнесеныя ў графік і не даем ім паўнавартасна назіраць. Таксама сакратарка сказала, што, вядома, я магу напісаць скаргу, але пры гэтым я не павінна перасякаць лінію ўчастка, інакш прыйдзецца папрасіць супрацоўнікаў міліцыі мяне вывесці з будынка. Так, мне яшчэ раз патлумачылі, што я не маю права назіраць за галасаваннем, перасякаць рысу ўчастка, здымаць на фота- і відэа. Але пры гэтым сказалі, што можна ў канцы дня азнаёміцца з копіяй пратаколу".

uch_37_m.jpg
Графік назіральнікаў на ўчастку №37 Заводскага раёна

Як адзначае назіральніца, немагчыма зразумець, калі наогул быў вывешаны гэты графік, бо ні дат, ні подпісаў на ім няма. Назіральніца камісіі запатрабавала пісьмовае рашэнне выключэння яе з графіка, на што ёй сказалі, што дадуць ёй такое толькі пасля скаргі. Адзінае месца ў школе, дзе назіральніца змагла напісаць скаргі, – падваконне ў школе. Але і тут яна сутыкнулася з перашкодамі. 

"Старшыня камісіі сказаў, што і тут я знаходжуся незаконна, і што "калі б я знаходзілася ў яго на ўчастку, то ён бы хутка на мяне напісаў усе неабходныя заявы. А так як я толькі на тэрыторыі школы, то не павінна буду здзіўляцца, калі дырэктар або міліцыя папросяць мяне сысці". 

Старшыня камісіі: Гэта мая дакументацыя

Як распавядае назіральніца, на ўчастку былі вывешаныя копіі пратаколаў аб яўцы выбаршчыкаў, на якім не было ніводнага подпісу сябраў камісіі. На яе заўвагу, старшыня камісіі Кніжэнка адказаў:

"Дзяўчына, гэта мая дакументацыя, я сам ведаю, што і як там быць павінна, Вы ў гэта не лезьце".

Копія пратакола аб датэрміновым галасаванні 6 жніўня на ўчастку № 37
Копія пратакола аб датэрміновым галасаванні 6 жніўня на ўчастку № 37

Пісала скаргі каля дзвюх гадзін

Пакуль Яна Галаган пісала скаргу ў школе на падваконні, да яе неаднаразова падыходзіла дырэктарка школы і казала, што яна павінна пакінуць будынак як толькі дапіша скаргу, інакш яна выкліча на яе міліцыю.

"Кожны раз, калі яна праходзіла, казала, што "у мяне роўна 5 хвілін". Яе асноўным аргументам таго, чаму мне трэба пакінуць тэрыторыю школы было тое, што я, акрэдытаваны назіральнік, не маю права выконваць свае правы, таму што я не ўнесеная ў графік. Гэта гучала вельмі абсурдна", – распавядае назіральніца.

Скаргі незалежнай назіральніцы былі зарэгістраваныя пад нумарам 14 і 15. Па словах назіральніцы, на ўчастку не было ніводнага чалавека ў масцы:

"Нас не дапускаюць да назірання, прыкрываючыся эпідэміялагічнай сітуацыяй, пры гэтым яны самі не выконваюць асноўныя правілы".

Назіральніца: Растварылася ў безнадзейнасці ўсяго працэсу

Пасля таго, як скаргі прынялі, яе праводзіла да выхаду дырэктарка школы, якая не ўваходзіць у склад камісіі, разам з супрацоўнікам міліцыі, які дзяжурыў на тэрыторыі школы.

uchastok_t78.jpg
Участак №37 Заводскага раёна Мінска

"У гэтай сітуацыі становіцца брыдка не столькі ад усіх гэтых маніпуляцый і падвойных стандартаў, а колькі ад упэўненасці членаў камісіі ў правільнасці іх дзеянняў. Яны перакананыя, што так і павінна адбывацца. Адзіным прыемным момантам за дзве гадзіны майго знаходжання на тэрыторыі школы быў дыялог з членам камісіі з іншага ўчастка, якая з усмешкай у мяне спытала, ці з "гэтых" я назіральнікаў, і пажадала мне поспеху, кажучы шэптам, што ўсё разумее.

З самага пачатку перадвыбарчай кампаніі было зразумела, што нічога здаровага чакаць не варта. Адразу мяне перапаўняла пачуццё злосці на сістэму, на людзей, якія прымаюць у гэтым удзел, на людзей, якія свята вераць у правату таго, што адбываецца. Але калі прыйшла на ўчастак, то ўжо зразумела, што я хутчэй растварылася ў безнадзейнасці ўсяго працэсу. І гэты сімбіёз становіцца ўжо гістэрыкай, якую нельга выплюхнуць, каб цябе не затрымалі", – распавядае назіральніца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары