Стэфановіч: Вынікі выбараў дэвальвуе не “Голас”, а дзеянні ЦВК
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына выступіла з відэазваротам на сайце vybary2020.by. Сярод некалькіх тэм, якія яна закранула пад час свайго выступу, была і ацэнка дзейнасці інтэрнэт-платформы "Голас" для для альтэрнатыўнага падліку галасоў.
У прыватнасці, Ярмошына назвала платформу "Голас" шкодным і злачынным праектам.
"Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленнем грамадзян. Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэнне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйныя вынікі галасавання і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі," - заявіла старшыня ЦВК..
Эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч прытрымліваецца іншага меркавання:
“Менавіта Цэнтрвыбаркам пад кіраўніцтвам Лідзіі Міхайлаўны шмат чаго зрабіў для дэвальвацыі даверу да афіцыйных вынікаў выбараў у нашай краіне, а таксама для страты даверу да ўсяго выбарчага працэсу.
Калі б улады імплементавалі шматлікія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, рэкамендацыі нацыянальных незалежных назіральнікаў, зрабілі працэдуру падліку галасоў празрыстай і транспарэнтнай то і не ўзнікала б патрэбы ў падобных грамадскіх ініцыятывах. А ва ўмовах масавага нядопуску назіральнікаў і правядзення цалкам закрытых для грамадскасці выбараў якраз афіцыйныя дадзеныя ЦВК могуць паслужыць падставай для масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне".
Услед за выступам Лідзіі Ярмошынай адміністрацыйнай адказнасцю падобным анлайн-платформаў пагражае і Генеральная пракуратура Беларусі.