Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Як прымушаюць галасаваць датэрмінова? Факты з розных гарадоў краіны. Частка 2

Датэрміновае галасаванне традыцыйна не абыходзіцца без прымусу ўдзельнічаць у ім работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, вайскоўцаў і студэнтаў. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягвае збіраць выпадкі і паведамленні пра "загоны" са ўсёй краіны.

Барысаў

У працоўным чаце БГК, падраздзяленне №5, была размешчана просьба прагаласаваць датэрмінова і паведаміць па выніках начальніку падраздзялення.

Мінск

Галоўны ідэолаг МАЗ Зоя Таран фактычна паставіла начальнікаў аддзелаў перад фактам: усе, хто прапісаны у Заводскім районе павінны прагаласаваць датэрмінова з 4 па 6 жніўня. Калі не прагаласуюць, начальства “атрымае па шапцы” вельмі жорстка, а гэта, як вядома, адлюструецца і на работніках.

Таксама на іншых падраздзяленнях МАЗ супрацоўнікам абяцаюць адпускаць раней з працы, калі людзі прагаласуюць датэрмінова.

У СІЗА 1 Мінска кіраўнікі патрабуюць ад супрацоўнікаў прыйсці і прагаласаваць датэрмінова, пагражаючы пры гэтым пазбаўленнем усіх прэмій. Праверку, ці прагаласаваў супрацоўнік СІЗА, будуць праводзіць па спісах, прадстаўленых з выбарчага ўчастка.

Брэст

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце (БрДТУ) студэнт, які праходзіць практыку і жыве ў інтэрнаце ўніверсітэта, паскардзіўся, што студэнтаў прымушаць галасаваць датэрмінова. Прымушае галасаваць і абяцае “праблемы” намесніца дэкана будаўнічага факультэту Наталля Барсук. Але студэнты вырашылі датэрмінова не галасаваць.

У чаце станцыі хуткая дапамогі распаўсюджвалася паведамленне наступнага складу: “Пачалося датэрміновае галасавання. Не цягніце да апошняга. Не хачу, каб Паўднёва-захад быў сярод адсталых”

Бяроза

Як паведамляе назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржук Русецкі, 6 жніўня каля 10-00 на выбарчы ўчастак прывезлі 12 вайскоўцаў: двух лейтэнантаў і 10 тэрміновай службы з вайсковай часткі 48684. Трох салдатаў не было ў асноўным спісе, перададзеным з в/ч. І іх дапісвалі. Недзе каля 17.10 на выбарчы ўчастак лейтэнант прывёз на аўтобусе 15 вайскоўцаў тэрміновай службы з вайсковай часткі 97063 і сам галасаваў.

Па падліках Русецкага, за першыя 3 дні датэрміновага галасаваньня— з 4-га па 6-га жнівеня —прагаласавалі 68 вайскоўцаў з вайсковыцх частак 48684 і 97063, з іх 58 вайскоўцаў тэрміновай службы.

Калінкавічы

Кіраўнік Службы занятасці насельніцтва пры ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне насельніцтва Калінкавіцкага райвыканкама прымушаў падначаленых прагаласаваць датэрмінова. У выпадку невыканання загаду пагражаў “паходам у выканкам”.

Таксама ў Калінкавічах, як паведамляе “Палеская Вясна”, у касе кінатэатра «Знамя», дзе размешчаны ўчастак для галасавання № 7 па, наведнікам паведамляюць, што ў дні датэрміновага галасавання кожны выбаршчык можа атрымаць запрашальнік на батут, у 5D-канатэатр альбо ў дзіцячы пакой.

Светлагорск

Пятага жніўня каля 16:15 адпусцілі з працы крыху раней работнікаў Вышка-мантажнага ўпраўлення Беларуснафты Светлагорска, каб яны прагаласавалі датэрмінова, хоць іх працоўны дзень павінен быў быць да 17:15.

У светлагорскім філіале Рэчыцкага ўпраўлення тэхналагічнага транспарту кіраўнікі аддзелаў пад пагрозай звальнення ппрымушаюць падначаленых галасаваць датэрмінова.

А вось такое паведамленне даслала загадчыца Дзіцячага саду №12 у Светлагорску Алена Бяляўская.

Гомель

У Аўтобусным парку №6 кіраўніцтва пагражала падначаленым звальненнем, калі тыя не прагаласуюць датэрмінова.

Слуцк

Як паведамілі салдаты тэрміновай службы Вайсковай часткі 46125, іх прымушаюць прагаласаваць датэрмінова. У асноўны дзень для галасавання іх на ўчасткі пускаць не хочуць.

Полацк

Педагог Дзіцячай школы мастацтваў Наталля Лапіцкая даслала паведамленне ў вайберы калегам наконт таго, што трэба прагаласаваць датэрмінова.

Гродна

Начальнік аддзела прававой і кадравай работы Упраўленне занятасці і сацыяльнай абароны Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Земнавода пад пагрозай звальнення прымусіў падначаленых прагаласаваць датэрмінова.

Вілейка

Чытачы TUT.BY паведамляюць, што ў горадзе Вілейка супрацоўнікаў некаторых бюджэтных арганізацый просяць прагаласаваць на выбарах датэрмінова, і лепш за ўсё гэта зрабіць чамусьці сёння, 6 жніўня. Прычым людзей нібыта нават адпускаюць з працы.

"Просяць прагаласаваць датэрмінова, ідэальна-сёння, падаюць машыну і адвязуць у працоўны час на ўчастак, які назавеш", — кажа супрацоўнік аўтапарка № 5 у Вілейцы.

Міёры

У Міёрскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях прымусілі падначаленых галасаваць датэрмінова, нават пад пагрозай звальнення.

Таксама паведамляецца, што ціск аказваецца на супрацоўнікам МНС па ўсёй краіне.


Калі вы ці вашыя знаёмыя, сутыкнуліся з падобнымі праявамі - абавязкова паведамляейце пра такія факты праваабаронцам. Не забывайце прыкладаць відэа-, аўдыё- і фотасведчанні “загонаў”.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” стварылі адмысловую і зручную форму, куды можна дасылаць сведчанні прымусовага галасавання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары