Ціск на назіральнікаў падчас датэрміновага галасавання працягваецца
7 жніўня - чацвёрты дзень датэрміновага галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць збіраць паведамленні пра ціск на альтэрнатыўных назіральнікаў: ім тэлефануюць з міліцыі, выганяюць з участкаў і будынкаў, дзе месцяцца памяшканні для галасавання, затрымлівае міліцыя і асуджаюць на суткі.
Брэст
Назіральніца на ўчастку №72 Маскоўскага раёна г. Брэста Алена Кулікова паведаміла, што раніцай 7 жніўня да яе дадому прыходзілі са следчага камітэта. Жанчына сёння на выбарчым участку не была.
Назіральніца Інга Федасенка, якая акрэдытаваная на ўчастку №13 г. Кобрына распавяла, што ёй патэлефанавалі із Кобрынскага РАУС і запрасілі ў аддзяленне. Па якім пытанне - міліцыя не паведаміла.
Гомель
У Гомелі назіральніка Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы яшчэ 5 жніўня, асудзілі на 15 сутак арышту па арт. 23.4 КаАП ("непадпарадкаванне службовай асобе").
На выбарчым участку №49 в. Васілевічы, Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці быў затрыманы назіральнік Андрэй Доўжык. Ён хацеў падаць скаргу старшыні камісіі, але яго пачалі выганяць з участку і выклікалі міліцыію.
Мінск
У судзе Кастрычніцкага раёна 7 жніўня судзяць затрыманага ўчора назіральніка ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Генадзя Германовіча.
У тым жа судзе разглядаецца адміністрацыйная справа супраць назіральніка Паўла Кандеева. Яго вінавацяць па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законым патрабаванням службовай асобы). Суддзя вынесла рашэнне - арыштаваць назіральніка на 11 сутак.
Справу супраць назіральніка з участку №5 Цэнтральнага раёна сталіцы Андрэя Хаўратовіча адправілі на дапрацоўку.
Назіральнік Сяргей Галенчанка быў затрыманы на ўчастку №93 Фрунзенскага раёна Мінска. На яго склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП і да панядзелка будуць трымаць за кратамі. 10 жніўня назіральніка будуць судзіць.
Старшыня выбарчага ўчастка №109 Фрунзенскага раёна Мінска падала заяву ў міліцыю на назіральніка ад "Сумленных людзей" Ігара Сцяпанава нібыта за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).
Валожын
У Валожыне спрабуюць выцягнуць з Чапаеўскага выбарчага ўчастка № 5 назіральніка Аляксандра Жвірко. Яму патэлефанаваў следчы па крымінальных справах Яўген Антановіч з Вілейкі і паведаміў, што быццам бы ў нейкай вёсцы адбылася кража. Таму Аляксандр Жвірко павінен прыехаць з Валожына ў Вілейку і даць паказанні. Назіральнік адмовіўся, тады следчы сказаў, што за ім вышлюць службовы аўтамабіль.
Вядома, што Аляксандр Жвірко 6 жніўня напісаў скаргу на сябраў УВК, якія выдалі два бюлетэня аднаму выбаршчыку.
Смаргонь
Затрыманага напярэдадні назіральніка "Сумленных людзей" Аляксандра Паплаўскага асудзілі паводле артыкула 17.1 КаАП на 7 сутак арышту.
Белаазёрск
У Белаазёрску затрымалі назіральніцу Ірыну Грышчук, яе вязуць у Бярозаўскі суд. У судзе яна заявіла хадайніцтва аб удзеле ў працэсе абаронцы і выкліку на пасяджэнне сведкаў. У судзе быў аб'яўлены перапынак да 11 жніўня, а саму назіральніцу адпусцілі.
Ваўкавыск
З участку №17 г. Ваўкавыску супрацоўнікі міліцыі забралі назіральніка Аляксандра Навасада. Ён паспеў паведаміць сваёй жонцы, што яго вязуць ў РУУС і абвінавачваюць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Суд над ім адбудзецца ў панядзелак.
Маладзечна
Назіральніка Руслана Кісялёва затрымалі супрацоўнікі міліцыі на выбарчым участку №11 г. Маладзечна, што месціцца ў школе №8. Яго вінавацяць па ч. 1 арт. 9.1 КаАП (Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, якое не прывяло за сабой кароткачасовага расстройства здароўя). Суд над ім адбудзецца ў панядзелак.
На ўчастку №36 г. Маладзечна назіральнік Юры Палонскі сёння заўважыў, як у камісію старонні чалавек пранёс пакунак фармату А4. Ён падыйшоў да старшыні камісіі і папярэдзіў яе аб адказнасці, пасля чаго праз нейкі час яму патэлефанавалі з РАУС і запрасілі на гутарку. А за 10 хвілін да закрыцця выбарчага ўчастку назіральніку прынеслі позву на 10 раніцы 8 жніўня - з'явіцца ў РАУС у якасці сведкі.
Калінкавічы
7 жніўня Аляксандр Елісееў ажыццяўляў назіранне за ходам датэрміновага галасавання каля ўчастка № 4, размешчанага ў сярэдняй школе № 6 Калінкавічаў. Калі пачаўся перапынак, ён выйшаў з тэрыторыі школы і ішоў дадому. Праз некалькі хвілін каля ходнікаў спыніўся міліцэйскі аўтамабіль, адтуль выйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі назіральніка. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП.
У Калінкавічах затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі і назіральнік Аляксандр Елісееў
Бабруйск
Назіральніка Артура Мышко, затрыманага ўчора на ўчастку №56 Першаймайскага раёна г. Бабруйска, асудзілі на 6 сутак арышту.
Таксама былі асуджаныя за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП) назіральнікі Уладзімір Міхалап на 7 сутак арышту і Эдуард Грынявецкі на 6 сутак арышту. Мужчыны былі затрыманыя на выбарчых участках Бабруйску яшчэ 5 жніўня.
Дзяржынск
Каля 16 гадзін на ўчастку №35 в. Негарэлае Дзяржынскага раёна былі затрыманыя назіральніцы "Сумленных людзей" Юлія Някрасава і Наталля Багамолава. Іх даставілі ў мясцовы РАУС.
Інфармацыя будзе дапаўняцца
Затрыманні на выбарчых участках працягваюцца, назіральнікаў адпраўляюць на суткі