Затрыманні на выбарчых участках працягваюцца, назіральнікаў адпраўляюць на суткі
У трэці дзень датэрміновага назірання на выбарчыя ўчасткі сябры камісіі працягваюць выклікаць міліцыю, каб пазбавіцца ад альтэрнатыўных назіральнікаў. У той жа час раней затрыманых назіральнальнікаў судзяць, некаторых адпраўляюць на суткі.
Мінск
Назіральніка Іллю Разбойнікава затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным на выбарчым участку №47 Першамайскага раёна Мінска. Ён на назіранне вылучаўся ад грамадзянаў. Быў дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна. Сябар Іллі Разбойнікава паведаміў, што ўвечары над назіральнікам адбыўся суд. Іллю Разбойнікава абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і асудзілі на 12 сутак арышту.
Віталя Трыгубава яшчэ 5 жніўня з участку №29 Савецкага раёна г. Мінска забраў АМАП. Сёння над назіральнікам распачаўся судовы працэс. Хлопца вінавацяць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Мінска Аксана Няборская пакарала Віталя Трыгубава арыштам у 10 сутак.
Вядома, што на участку №46 Кастрычніцкага раёна Мінска затрыманы назіральнік Павел Кандееў. За што ён быў затрыманы - невядома.
Назіральнік з участку №5 Цэнтральнага раёна сталіцы Андрэй Хаўратовіч дастаўлены міліцыяй у РУУС Цэнтральнага раёна.
Знік з сувязі назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Андрэй Верашчагін. Ён маніторыў ход выбараў на ўчастку №15 Кастрычніцкага раёна Мінска. Зараз яго тэлефон адключаны. Пасля правядзення гутаркі быў выпушчаны з РУУС без складання пратаколу.
Вечарам 5 жніўня на ўчастку №88 в. Сёмкава Мінскага раёну быў затрыманы назіральнік ініцыятывы "Сумленныя людзі" Яўген Каваротны. Ён быў дастаўлены ў Заслаўскі РАУС. Сёння над ім павінен адбыцца суд па абвінавачванні ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы паводле арт 23.4 КаАП. Асудзілі на 8 сутак.
На тэрыторыі школы, дзе месціцца выбарчы участак №42 Кастрычнічкага раёна Мінска, затрыманы назіральнік ад ініцыатывы "Сумленныя людзі" Генадзь Германовіч.
На ўчастку №97 Фрунзенскага раёна Мінска быў затрыманы Сяргей Галенчанка для праверкі дакументаў. Паздней назіральнік быў адпушчаны.
На ўчастку №66 г.п. Мачулішчы для ўстанаўлення асобы міліцыяй былі затрыманыя назіральнікі "Сумленных людзей" Алексей Скрабнёў, Кацярына Бардашова, Аліка Духноўская і Ігар Іваноў.
Узда
5 жніўся на ўчастку для галасавання №3 Уздзенскага раёна была затрыманая назіральніца ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Алена Мешчаракова. Сёння яе судзілі па арт. 17.1 КаАП за дробнае хуліганства ў судзе Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна нібыта яшчэ 4 жніўня каля 19.00 на выбарчым участку наўмысна сарвала ўзор бюлетэня ў кабінцы для галасавання, гучна крычала ў прысутнасці грамадзянаў, чым парушыла іх спакой і грамадскі парадак. Назіральніца сваёй віны не прызнала, аднак суддзя А. Кострыкаў пакараў яе 7 суткамі арышту.
Смілавічы
Затрыманага ўчора назіральніка Яраслава Недасекіна асудзілі на 8 сутак арышту. Нагадаем, на хлопца сябры камісіі №20 г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна выклікалі міліцыю праз тое, што Яраслаў адмаўляўся сыходзіць з участку. Першапачаткова ён быў у спісе назіральнікаў, але пазней яму паведамілі, што спіс змяніўся, а яго прысутнасць на ўчастку непажадана.
Гарадзенская вобласць
Прадстаўнікі "Сумленных людзей" паведамілі, што раніцай 6 жніўня ў Слоніме яшчэ да пачатку працы выбарчага ўчастка быў затрыманы назіральнік Пётр Крышталь. Прычыны яго затрымання пакуль не ўстаноўлены, піша TUT.BY.
У абед 5 жніўня была затрыманая назіральніца "Сумленных людзей" Марына Карповіч, якая праводзіла маніторынг выбарчага працэсу на ўчастку №8 г. Дятлава Гарадзенскай вобласці.
Смаргонь
На выбарчым участку ў в. Солы Смаргоньскага раёна быў затрыманы назіральнік "Сумленных людзей" Аляксандр Паплаўскі. Вядома, што назіральнік зайшоў на ўчастак сфатаграфаваць пратакол, а калі выйшаў зноў на вуліцу - яго ўжо чакалі міліцыянеры.
Полацк
У Полацку на выбарчым участку №22 былі затрымныя назіральнікі Раман Падгорны і Антон Мязенцаў.На назіральнікаў выклікалі міліцыю за адмову пакінуць памяшканне школы №3, дзе месціцца ўчастак. У РУУС на назіральнікаў склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства". Праз дзве гадзіны пасля затрымання Рамана і Антона адпусцілі з пастарунку.
Бабруйск
Назіральнік Артур Мышко быў затрыманы на ўчастку №56 Першаймайскага раёна г. Бабруйска і дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак.
Гомель
Затрыманаму ўчора на выбарчым участку вёскі Браніслаў Жыткавіцкага раёна назіральніку Яўгену Шчуру прысудзілі штраф у 3 базавыя велічыні.
Віцебск
У сярэдняй школе № 25, дзе размешчаныя ўчасткі №№ 12, 13 і 14 Першамайскага раёна, міліцыя затрымала некалькі назіральнікаў. Сярод затрыманых - назіральнік "Сумленных людзей" Кірыл Прыгожы. Таксама былі затрыманыя назіральнікі участка №12 Андрэй Кешанюк і участка №14 Дзяніс Панфёраў. Дырэктар школы выклікала на іх міліцыю, бо нібыта хлопцы парушалі грамадскі парадак (арт.17. 1 КаАП), міліцыянеры павезлі назіральнікаў у РАУС. Вядома, што Андрэй Кешанюк спрабаваў назіраць праз вокны, пасля таго, як яго выгналі са школы.
Кірыл Прыгожы пазней быў адпушчаны.
На выбарчых участках масава затрымліваць назіральнікаў. Спіс
Нагадаем, раней былі затрыманыя і асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў Іван Дубовік - 10 сутак, Алег Гіргесон - 6 сутак.