БХК звярнуўся ў Генпракуратуру па прычыне адмоў ў доступе да назірання за ходам галасавання
Старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак тэрмінова звярнуўся ў Генеральную пракуратуру са зваротам аб перашкодзе законнай дзейнасці грамадскага аб'яднання. Пытанне тычыцца масавых адмоў назіральнікам ад БХК у рэалізацыі іх законных правоў па назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі.
БХК пачынаючы з моманту сваёй рэгістрацыі ажыццяўляў маніторынг усіх выбарчых кампаній, якія праходзілі ў Рэспубліцы Беларусь, накіроўваў рэкамендацыі, падрыхтаваныя па выніках маніторынгу, у адпаведныя дзяржаўныя органы. Некаторыя з нашых прапаноў былі ўлічаны ў дзеючай рэдакцыі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Для ажыццяўлення законнай і статутнай дзейнасці па назіранні за ходам галасавання на выбарах Прэзідэнта, БХК накіраваў сваіх назіральнікаў на ўчасткі для галасавання. Усяго, па дадзеных Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей – Цэнтральная камісія), ва ўчастковых выбарчых камісіях акрэдытаваны 181 назіральнік БХК.
Паводле ч.4 арт. 14 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ВК) пры правядзенні выбараў маюць права прысутнічаць назіральнікі –у тым ліку, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. У адпаведнасці з ч.5 арт. 13 ВК назіральнік мае права, у прыватнасці, прысутнічаць пры пламбаванні або апячатванні скрынь для галасавання, прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, захаваннем устаноўленага Выбарчым кодэксам парадку галасавання.
Што адбываецца на выбарчых участках у першы дзень датэрміновага галасавання
У разрэз з дадзенай нормай пераважнай большасці назіральнікаў адмоўлена ў рэалізацыі іх правоў. Да фактычнага назірання на ўчастках для галасавання былі дапушчаныя не больш за 15 назіральнікаў БХК, і толькі на кароткі час у адпаведнасці з устаноўленым участковымі выбарчымі камісіямі (далей – УВК) графікам. Пры гэтым, відавочна, адмова ў доступе да назірання за ходам галасавання, не накіравана на прадухіленне распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый, у тым ліку COVID-19, паколькі многія члены УВК, а таксама прысутныя на ўчастках для галасавання назіральнікі не выконваюць Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
“Гэтыя дзеянні ўчастковых выбарчых камісій мы расцэньваем як грубае парушэнне патрабаванняў выбарчага заканадаўства (арт. 13 ВК), а таксама як перашкода законнай дзейнасці БХК”, - адзначаецца ў звароце.
Паколькі згодна з арт.125 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў міністэрствамі і іншымі падведамаснымі Савету Міністраў органамі, службовымі асобамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў, Беларускі Хельсінкскі камітэт просіць:
- прыняць меры па забеспячэнні права БХК ажыццяўляць сваю законную, статутную дзейнасць па назіранні за ходам выбараў на ўчастках для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- звярнуць увагу працоўных груп тэрытарыяльных органаў пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб выбарах на неабходнасць няўхільнага выканання выбарчага заканадаўства сябрамі ўчастковых выбарчых камісій і, у прыватнасці, патрабаванняў арт. 13 Выбарчага кодэкса;
- пры неабходнасці - прымаць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання, а ў выпадку ўстанаўлення прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 194 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - вынесці пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Копія звароту таксама накіраваная ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Другі дзень датэрміновага галасавання: дзяжурствы пад уваходамі і пазбаўленне акрэдытацыі