Другі дзень датэрміновага галасавання: дзяжурствы пад уваходамі і пазбаўленне акрэдытацыі
5 жніўня на выбарчых участках праходзіць другі дзень датэрміновага галасавання. Незалежных назіральнікаў ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па-ранейшаму не дапускаюць да маніторынгу хода выбараў.
Светлагорск
Алена Маслюкова з Светлагорску паведамляе, што ўчора каля ўваходу на ўчастак №10 стаялі дзве лаўкі, а сёння яны зніклі. Назіральніца адзначае, што зніклі і дзве лаўкі, якія знаходзіліся на вуліцы каля выбарчага ўчастку. Калі Алена Маслюкова запыталася, дзе яны падзеліся, то дырэктарка школы, якая з'яўляецца і старшынёй камісіі, пажала плячыма і сышла.
Пазней Алену Маслюкову пачалі выганяць з будынку школы на падставе таго, што нібыта яна фатаграфуе выбаршчыкаў, і яны ананімна на яе паскардзіліся.
Назіральніца адзначае, што не сыходзіла ад участку цэлы дзень і налічыла 66 чалавек, якія зайшлі ў будынак. У фінальным пратаколе за дзень камісія адзначыла 226 выдадзеных бюлетэні.
Гомель
Назіральнікаў у Гомелі сёння таксама не дапусцілі ў будынак школы, дзе месціцца два ўчасткі.
Як паведамляе назіральніца на 36-ым выбарчым участку Савецкага раёна Гомеля Аляксандра Герасімовіч, дырэктар школы не ўваходзіць у склад ніводнай з камісій, тым не менш, сёння забараніў ёй знаходзіцца ў памяшканні школы.
У Гомелі назіральнікаў не дапускаюць нават у памяшканне школы
Верхнядзвінск
Валянціна Болбат паведамляе, што пакуль назіральнікі рэгістравалі заявы ў УВК, у аднаго з іх скралі крэсла, з якім ён прыехаў на ўчастак. Цяпер назіральнік вымушаны сядзець на лесвіцы.
Мінск
Участковая камісія №66 Савецкага раёна Мінска пазбавіла акрэдытацыі назіральніцу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірыну Крыванос. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна стварала перашкоды для нармальнай працы камісіі і ўмешвалася ў працу сябраў камісіі.
Вось так выглядае сам участак для галасавання №66 Савецкага раёна.
Уладзіслаў Курашкевіч пасля 7 гадзін вечара на ўчастку №66 Першамайскага раёна Мінска запісаў відэа, як яму не далі паглядзець пратакол. Відэа было выкладзена на youtube-канале кампаніі "Права выбару". Сёння назіральнік прыйшоў на ўчастак, і яго пазбавілі акрэдытацыі, матываваўшы гэта тым, што ён уварваўся на ўчастак, дэбашырыў і шумеў. Старшыня камісіі Уладзіслаў Галазубец паведаміў назіральніку, што напісаў на яго заяву ў міліцыю па арт. 191 Крымінальнага кодэкса "Перашкода ажыццяўленню працы выбарчых камісій".
Брэст
Вось так выглядае месца назіральніцы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Маргарыты Вялічкінай на ўчастку для галасавання №35 Маскоўскай раённай камісіі Брэста.
"У гэтым годзе не выбары, а бойня. Старшыня камісіі выганяе, абражае. Учора сем гадзін стоячы назірала за "працэсам" галасавання, вынік: 17 прагаласавалі, 63 запісалі у пратакол, пішам скаргі. А сёння прынесла асабісты стульчык рыбака", - адзначае Маргарыта Вялічкіна.
Бабруйск
Вось так адбываецца назіранне на ўчастку №30 г. Бабруйска
Пазней стала вядома, што назіральніка ад кампаніі "Права выбару" Уладзіміра Міхалапа затрымалі за тое, што ён сядзеў увесь час на вуліцы ля ўваходу і нібыта замінаў працы камісіі. Старшыня УВК №30 выклікала міліцыю.
Рэчыца
Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамляе, што на ўчастку №6 г. Рэчыцы, што змяшчаецца ў Гарадскім доме культуры, толькі частка сябраў камісіі выконвае рэкамендацыі ЦВК - працуюць у масках і пальчатках. Двойчы праводзілася вільготная ўборка памяшкання. Кожнаму выбаршчыку даюць ручку, якую потым кідаюць у асобны стаканчык. Члены камісіі не бяруць у рукі пашпарты галасуючых. Назіральніца адзначае, што ўчора такога парадку на ўчастку не было.
Мсціслаў
Назіральніцу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аліну Пазднякову выбарчая камісія №2 г. Мсцілава пазбавіла акрэдытацыі за нібыта недакладна аформлены пратакол пасяджэння БХК.
У прыватнасці, камісія ўказала на тое, што трэба было напісаць поўную назву выбарчага ўчастка - Першамайскі ўчастак для галасавання нумар 2, а таксама адрас яго размяшчэння.
Больш за тое, сябры камісіі ўжо запрасілі на ўчастак праўладных назіральнікаў, і месца для Аліны Паздняковай там у любым выпадку ўжо не было.
Інфармацыя будзе дапоўненая
На выбарчых участках масава затрымліваць назіральнікаў. Спіс