На выбарчых участках масава затрымліваюць назіральнікаў. Спіс
Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць паведамляць, што ўчастковыя камісіі выклікаюць на назіральнікаў міліцыю за тое, што яны нібыта сваім назіраннем замінаюць працы камісіям. На некаторых участках назіральнікаў пад рознымі падставамі, у тым ліку з пагрозай прымянення сілы з боку міліцыі, пазбаўляюць магчымасці знаходзіцца непасрэдна ў памяшканні, а таксама сачыць за ходам датэрміновага галасавання.
Мінск
У Мінску 5 жніўня на ўчастку для галасавання №64 Заводскага раёна затрымана назіральніца Іна Дабратвор. Яе без тлумачэнняў прычын не дапусцілі ў памяшканне школы, дзе знаходзіўся ўчастак для галасавання, дзе яна акрэдытаваная назіральніцай. Калі яна стала абурацца, то на яе выклікалі міліцыю за тое, што яна нібыта замінае працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі яе павезлі ў РУУС Заводскага раёна для складання пратаколу. Але там устанавілі асобу Іны Дабратвор і адпусцілі.
З 35-га ўчастка для галасавання Маскоўскага раёна супрацоўнікі міліцыі забралі назіральніцу Наталлю Манькоўскую. Яе павезлі ў Маскоўскі РУУС для "прафілактычнай гутаркі". Праз некаторы час назіральніцу вызвалілі без складання пратаколу.
Каля 16 гадзін стала вядома, што на 61-м участку для галасавання Савецкага раёна Мінска затрымалі назіральніка Вячаслава Адзярыху. Яго даставілі ў Савецкае РУУС Мінска.
На ўчастку для галасавання ў Семкава быў затрыманы назіральнік Яўген Каваротны. У першы дзень галасавання яго не дапусцілі на ўчастак, ён лічыў яўку пад дзвярыма. 5 жніўня яго таксама не дапусцілі на ўчастак, выклікалі на яго міліцыю. Назіральнік пераконваў міліцыянта, што ён мае права прайсці на ўчастак. Яго забралі ў ІЧУ Менскага раёна да суда 6 жніўня. Верагодна, суд адбудзецца ў судзе Мінскага раёна. Яго абвінавачваюць у непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы паводле арт 23.4 КаАП.
Як паведамляе tut.by, назіральніка Алега Гіргесона, затрыманага ў першы дзень датэрміновага галасавання на выбарчым участку №28 у Копішчы, асудзілі на 6 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы). Яго непадпарадкаванне выявілася ў тым, што назіральнік "на ўчастку для галасавання, парушаючы пастанову ЦВК ад 8 траўня 2020, адмовіўся выканаць законныя патрабаванні міліцыянтаў пакінуць памяшканне".
У Мінску назіральніка пакаралі 10 суткамі арышту
Смілавічы
На ўчастку №20 у г.п. Смілавічы Чэрвенскага раёна затрымалі назіральніка Яраслава Недасекіна. Яго павезлі ў Чэрвеньскі РУУС. Ён быў у спісах назіральнікаў, але старшыня камісіі сказаў яму, што спіс змянілі і ён не можа назіраць. Назіральнік сказаў, што будзе працягваць назіранне, але на яго выклікалі міліцыю.
Віцебск
Як паведамляе назіральніца з Віцебску Ірына Траццякова, у сярэднюю школу №25 горада сябры ўчастковай камісіі выклікалі міліцыю. Было затрымана чатыры назіральнікі. На ўчастку №12 былі затрыманыя Андрэй Кешанюк і Галіна Магучая. Да гэтага старшыня камісіі дазволіла назіральнікам знаходзіцца ў калідоры каля ўчастка, аднак дырэктарка школы выказалася супраць такого рашэння. На назіральнікаў складаюць пратаколы па арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Андрэя Кешанюка, Галіну Магучаю, а таксама яшчэ дваіх назіральнікаў з участкаў №13 і №14 павезлі ў РАУС Першамайскага раёна Віцебска.
Ірына Траццякова кажа, што адміністрацыі раёнаў папярэдзілі “гаспадароў” будынкаў, дзе месцяцца выбарчыя ўчасткі: школы і іншыя навучальныя ўстановы, каб у будынках не знаходзіліся староннія людзі. Менавіта таму сябры камісій пачалі выклікаць міліцыю.
Але, як паведамляе Ірына Траццякова, пазней усіх чатырох назіральнікаў адпусцілі з Першамайскага РАУС Віцебска, папрасіўшы прабачанне. Сказалі ім, што ў школе знаходзіцца можна, а адміністрацыя школы не мае права выкідаць адтуль назіральнікаў, якія ціха сядзяць каля ўчастка ў калідорчыку.
Бабруйск
Як паведамляе незалежны назіральнік з Бабруйску Сяржук Лацінскі, у 13:30 каля ўчастку №30 Ленінскага раёна г. Бабруйска затрымалі назіральніка Уладзіміра Міхалапа. Ён сядзеў увесь час на вуліцы каля ўваходу, бо на сам участак яго не пускалі. Старшыня камісіі выклікала міліцыю за тое, што нібыта ён замінаў працы камісіі. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, забралі Уладзіміра Міхалапа для адбыцця 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту, на якія яго асудзілі за ўдзел у ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня.
Акрамя гэтага, на Уладзіміра Міхалапа склалі пратакол па арт 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд над ім чакаецца 6 жніўня.
Таксама ў Бабруйску на ўчастку для галасавання №35 затрыманы назіральнік Эдуард Грынявецкі. На яго складзены пратакол па арт 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), затрыманы да суда. Паведамляецца, што затрыманая назіральніца ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Наталля Сайет. На яе склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы).
Гомель
Як паведамляе "Гомельская вясна", 5 жніўня на выбарчым участку вёскі Браніслаў Жыткавіцкага раёна супрацоўнікі міліцыі затрымалі назіральніка Яўгена Шчур. Са словаў яго жонкі, у першы дзень галасавання Яўген быў дапушчаны да назірання. Аднак сёння дырэктар сельскай школы Галіна Блоцкая, якая не ўваходзіць у склад выбарчай камісіі, запатрабавала ад назіральніка пакінуць памяшканне школы, а калі той не падпарадкаваўся, выклікала нарад міліцыі. Прыбыўшы нарад абвінаваціў 30-гадовага назіральніка ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП і павёз для разглядаў у райаддзел міліцыі. Да суда яго пакінулі ў пастарунку міліцыі.
Таксама на 25-ым участку для галасавання Савецкага раена ў Гомелі затрыманы назіральнік ад ініцыятывы "Cумленныя людзі". Ён зафіксаваў разыходжанне ў лічбах яўкі і дадзеных пратаколу. Верагодна, пасля прэтэнзій да ўчастковай камісіі, на яго і выклікалі міліцыю.
Таксама ў Гомелі затрыманы назіральнік Уладзімір Няпомняшчых, паведамілі ягоныя паплечнікі Свабодзе. Абставіны затрыманьня пакуль невядомыя.
Салігорск
У Салігорску на 1-ым участку для галасавання затрыманая назіральніца ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Марына Ермакова. Яе даставілі ў мясцовае аддзяленне міліцыі.
Узда
На ўчастку для галасавання №3 Уздзенскага раёна затрыманая назіральніца ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Алена Мішчарэкава. Яе даставілі ў РУУС для высвятлення абставінаў па скарзе іншых назіральнікаў і членаў камісіі. Паведамляецца, што назіральніца звярнула ўвагу на прыклад запаўнення бюлетэня ў кабінцы для галасавання. Яна спыталася ў членаў камісіі, чаму менавіта насупраць трэцяга кандыдата ў прыкладзе стаіць галачка. Дырэктар школы падышоў і сарваў пры ёй гэты прыклад з кабінкі. У скарзе паказалі, што сарвала паперу Алена.
Магілёў
Як паведамляе mspring.online, 5 жніўня назіральніка ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Андрэя Застрэлава зноў затрымалі і ўжо адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда. Учора Застрэлаў быў затрыманы проста на ўчастку №97 (гімназія №1) супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС. Паводле яго словаў, намеснік старшыні ўчастковай камісіі паскардзіўся на яго ў міліцыю з-за таго, што Застрэлаў нібыта перашкаджаў працы камісіі.
"Заўваг да мяне з боку камісіі ніякіх не паступала, акрамя патрабаванняў пакінуць участак, бо там знаходзілася чатыры назіральнікі. Пры гэтым я прыйшоў першым на ўчастак і заняў сваё месца", — паведаміў Застрэлаў.
У Кастрычніцкім РАУС яму паведамілі, што ў дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс. Праз тры гадзіны Андрэя Застрэлава выпусцілі з РАУС, выдаўшы позву на 15 гадзін 5 жніўня. Назіральнік з'явіўся ў раённы аддзел своечасова, а каля 16 гадзін паведаміў праваабаронцам, што яго забіраюць у ІЧУ да суда. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Полацк
На назіральніка Андрэя Лосева на 10-ым участку для галасавання ў СШ №16 у Полацку супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол па арт 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Ваўкавыск
На ўчастку для галасавання №2 у Ваўкавыску затрыманая назіральніца Таццяна Северская. Абставіны пакуль невядомыя.
Затрыманні 4 жніўня: Мінск і Магілёў
У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, вядома, што былі затрыманыя мінімум тры назіральніка. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску назіральнікаў Івана Дубовіка і Алега Гіргенсона. На Дубовіка склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП нібы за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання. Ноч ён правёў у пастарунку міліцыі. 5 жніўня над ім чакаецца суд. У адносінах да магілёўца Андрэя Застрэлава, які прадстаўляе ініцыятыву "Сумленыя людзі" міліцыя праводзіць праверку з нагоды заявы старшыні ўчастковай камісіі нібыта за “перашкоду працы камісіі”.
У Мінску на ўчастках для галасавання затрымліваюць назіральнікаў
У Магілёве незалежнага назіральніка прама на ўчастку затрымала міліцыя