У Слуцку і Салігорску пасля адмен мітынгаў Ціханоўскай пачаліся затрыманні. Спіс затрыманых
У аўторак, 4 жніўня, у Слуцку планаваўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак у апошні момант мясцовы райвыканкам адмяніў мітынг, а міліцыя і АМАП пачалі затрымліваць людзей, якія прыйшлі на выбарчы пікет. Вядома, што 4 жніўня ў Слуцку было затрымана каля 17 чалавек:
- мясцовы актывіст Віталь Амяльковіч,
- рэдактар мясцовага выдання "SlutskGorod" Уладзь Ярота (выпусцілі без пратаколу),
- Уладзіслаў Загарэй,
- Вадзім Крэпскі,
- Максім Буткевіч,
- Дзмітрый Клюшкін,
- Уладзіслаў Глазкоў,
- Дзмітрый Заяц,
- Ілля Крот,
- карэспандэнтка газеты "Новы Час" Зінаіда Цімошак (выпусцілі з пратаколам па ч. 1 арт. 23.34 КаАП),
- Уладзімір Кульбіцкі,
- Валянцін Шчарбіцкі,
- Анатоль Балакір,
- Вячаслаў Мялешка,
- Дзмітрый Мяцеля,
- Ягор Пятровіч,
- непаўнагадовы Данііл Раткін (выпусцілі з пратаколам па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)),
- Валерый Хадаровіч,
- Аляксандр Аляксейка,
- Анатоль Шкурскі.
Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Юрый Мяцельскі, затрыманых даставілі ў Слуцкі РАУС, пад будынкам якога іх чакаюць сябры і сваякі. Супрацоўнік Слуцкага РАУС паведаміў, што заўтра, 5 жніўня, над затрыманымі адбудзецца суд.
Як распавёў рэдактар "SlutskGorod" Уладзь Ярот, якога затрымлівалі 4 жніўня ў Слуцку, але потым адпусцілі, усіх затрыманых адразу даставілі ў дзяжурную частку Слуцкага РАУС, а затым адразу ў ізалятар часовага ўтрымання.
Як разгортваліся падзеі 4 жніўня ў Слуцку?
Юрый Мяцельскі у 17:10 паведаміў, што на месца правядзення мітынгу кандыдаткі Святланы Ціханоўскай у Слуцку, які запланаваны на 17:30, падагналі тэхніку — аўтавышкі, палівальную машыну і трактар. Супрацоўнікі «Зелянбуда» саджаюць кветкі на клумбах. Случакі, якія хочуць патрапіць на выбарчы пікет Ціханоўскай, дапамагаюць ім хутчэй скончыць працу.
Таксама, як распавёў Юрый Мяцельскі, незадоўга да пачатку мітынга ў Слуцку побач з пляцоўкай, дзе мусіць адбыцца мерапрыемства, каля палівальнай машыны адчынілі люк каля пераходу.
Пры гэтым, сама пляцоўка, дзе павінен праходзіць мітынг, агароджана турнікетамі. Людзі збіраюцца на пікет. Як паведаміў праваабаронца, у 17:30 на мітынг сабралася каля 500 чалавек.
Прадстаўнікі «Зелянбуда» паведамілі, што не ведаюць, калі скончаць працы, але працоўны дзень у іх да 18-й гадзіны.
Пры гэтым, як паведамляе тэлеграм-канал "Краіна для жыцця", Слуцкі райвыканкам заявіў, што праз тэрміновую неабходнасць рэмонтных прац правядзенне агітацыйнага мітынга немагчыма.
Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Юрый Мяцельскі, у 17:40 машына аварыйнай службы з'ехала пад крыкі случакоў "Ганьба!", але прыехалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Людзей пачалі затрымліваць. Супрацоўнікі АМАПу і людзі ў цывільным проста выхопліваюць людзей з натоўпу, якія чакалі пачатку мітынга. Затрымалі мінімум восем чалавек. Аўтобус з затрыманымі з'ехаў. Супрацоўнік міліцыі просіць усіх разыйсціся. Частка людзей сышла.
Як паведамляе Юрый Мяцельскі, пасля затрыманняў міліцыя перакрыла прылеглую дарогу да пляцоўкі. На прыпынку не выпускалі людзей з аўтобуса. Супрацоўнікі міліцыі працягваюць разганяць людзей. Затрыманні працягваюцца. З прыпынку супрацоўнікі АМАПа забралі мужчыну і павялі ў сіні мікрааўтобус. Па словах праваабаронцы, у Слуцку 4 жніўня былі затрыманыя мінімум 10 чалавек.
У 18:35 у Слуцку пачалася другая хваля затрыманняў, у якім удзельнічаюць 20 супрацоўніка АМАПу і тры супрацоўнікі ў цывільным. Затрыманы мясцовы актывіст Віталь Амяльковіч. Таксама затрыманы рэдактар слуцкага выдання "SlutskGorod" Влад Ярота, а таксама Уладзіслаў Загарэй. Як паведамляе Юрый Мяцельскі, затрымана ўжо каля 15 чалавек.
Як паведамляе kurjer.info, людзей затрымлівалі не толькі на месцы яго правядзення мітынгу, але і праз дарогу ў краме.
У Салігорску таксама адмянілі мітынг Ціханоўскай і пачаліся затрыманні
Паведамляецца, што ў Салігорску таксама спрабуюць сарваць мітынг за Ціханоўскую. На ўездзе да стадыёна «Будаўнік» прывезлі экскаватары і капаюць зямлю. Пазней паведамілі, што ў Салігорску таксама мітынг адмянілі. Афіцыйна кандыдатка Святлана Ціханоўская не атрымлівала ніякіх паведамленняў пра адмену выбарчага пікета. Як паведаміла Вольга Кавалькова, у Салігорску супрацоўнікі міліцыі разагналі людзей, якія прыйшлі на дазволены пікет у дазволеным месцы.
Як паведамляе "Наша Ніва", каля стадыёна, дзе мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, сабралася каля 100 чалавек. Пачаліся затрыманні. Затрыманых змяшчаюць у аўтазак. Сярод затрыманых у Салігорску – прадстаўнік рэдакцыі "Лідар прэсс" Уладзімір Уфімцаў. Вядома, што ў Салігорску затрымалі не менш пяці чалавек.
Як паведамляе тэлеграм-канал "Краіна для жыцця", у Салігорску ўсіх затрыманых 4 жніўня адпусцілі.
Напярэдадні ў Стоўбцах улады сарвалі сустрэчу з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай з выбаршчыкамі, прыгнаўшы будаўнічую тэхніку на мясцовы стадыён.