Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Што адбываецца на выбарчых участках у першы дзень датэрміновага галасавання

4 жніўня ў 10.00 па ўсёй краіне адчыніліся ўчасткі для датэрміновага галасавання па выбарах прэзідэнта. Акрэдытаваныя назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што іх не дапускаюць да назірання, выдаляюць з памяшканняў для галасавання і нават з будынкаў, дзе змяшчаюцца ўчасткі. 

Сёння стартуе датэрміновае галасаванне: цікавыя факты і лічбы

Усяго пад час сёлетніх выбараў створана 5 767 участкаў для галасавання, з іх 231 – у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, 13 – вайсковых частках.

Віцебск

Як паведамляе назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова, у трох раёнах Віцебска – Першамайскім, Чыгуначным і Кастрычніцкім – дадзеная ўстаноўка ўсім участковым камісіям незалежных назіральнікаў, не ўключаных у графік назірання, выганяць не толькі з памяшканняў для галасаванняў, але і з будынкаў, у якіх размешчаныя ўчасткі, у тым ліку з дапамогай міліцыі.

Таксама назіральніца паведамляе, што ў першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку №22 прысутнічаюць старшыня і два сябры выбарчай камісіі, тры назіральнікі. Усе прысутныя, акрамя аднаго члена, не выкарыстоўваюць ахоўныя маскі. Скрыню для датэрміновага галасавання апламбіравалі. Старшыня камісіі адмовілася назваць агульную колькасць зарэгістраваных на ўчастку выбаршчыкаў.

uchastak22_vicebsk.jpg
Кабіны для галасавання на выбарчым участку №22 у Віцебску

Падобная сітуацыя і на ўчастку №36, дзе прысутнічаюць старшыня і сакратар камісіі, а таксама тры назіральнікі. Колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў на дадзеным участку – 2131 чалавек.

uchastak36_vicebsk.jpg
Кабіны для галасавання на выбарчым участку №36 у Віцебску

Графік прысутнасці назіральнікаў на участках распісаны на ўсе дні датэрміновага галасавання і на асноўны дзень выбараў. Ніхто з незалежных назіральнікаў у гэты графік не патрапіў.

На участку №15 Першамайскага раёна г. Віцебска сябры камісіі не выконваюць рэкамендацыю аб прад'яўленні пашпарта выбаршчыкам: члены камісіі бяруць і гартаюць пашпарт самастойна, пры гэтым медыцынскіх пальчатак у іх няма. Назіральнікі таксама не выконваюць рэкамендацыі і не вытрымліваюць дыстанцыю паміж сабой у адзін метр. 

Назіральніца Ірына Траццякова адзначае, што ў Віцебску не было ўказанняў пра шторы ў кабінах для галасавання, а вось на участку №19 Віцебскага раёна ў г.п. Ноўка шторы падшылі. 

uchastak_novka.jpg
Выбарчы ўчастак у г.п. Ноўка

Орша

У Оршы не акрэдытавалі назіральніцай Ілону Камар, якая вылучалася грамадзянамі. У камісіі ёй паведамілі, што нібыта назіральнікамі могуць стаць вылучэнцы ад партый і працоўных калектываў. Дзяўчына напісала скаргу ў ЦВК.

Верхнядзвінск

На выбарчыя ўчасткі ў Верхнядзвінску таксама нікога з незалежных назіральнікаў не дапусцілі. На ўчастку №4 назіральнік сядзіць у калідоры.

А назіральніца з ўчастку №3 вымушаная знаходзіцца на вуліцы.

Як адзначае Валянціна Болбат, нават міліцыянер участку №3 быў здзіўлены, што назіральніцу выставілі на вуліцу.

Маладзечна

На участку №31 вахцёр школы не пускае назіральніка на ўчастак. Выкліканы старшыня камісіі распавёў назіральніку, што ён “лішні”.

Барысаў

У Барысаве да назірання не дапушчаны праваабаронца Алег Мацкевіч, як і астатнія назіральнікі кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары”.

Калінкавічы

Назіральніцу ў Калінкавічах не дапусцілі на ўчастак, з фае навучальнага корпусу Палескага аграрнага каледжу яе таксама выгналі з пагрозамі. Дзяўчына вымушая сядзець на прыступках ганку навучальнай установы.

signal-2020-08-04-105647.jpeg
Назіральніца на прыступках Палескага аграрнага каледжу ў Калінкавічах

Назіральніца была каля ўваходу ў будынак увесь дзень і налічыла 12 чалавек, якія ўвайшлі ў каледж. Верагодна не ўсе яны з'яўляліся выбаршчыкамі, бо зараз праходзіць уступная кампанія. У выніковым пратаколе было пазначана, што ў першы дзень датэрміновага галасавання камісіяй было выдадзена 63 бюлетэні

Жодзіна

Назіральнік Усевалад Дудкоў паведамляе, што на выбарчым участку №1 г. Жодзіна знаходзіцца тры назіральніка, двое з іх – без ахоўных масак.

uchastak_zhodina.jpg
Кабіны для галасавання на ўчастку №1 г. Жодзіна

Смаргонь

Аляксандр Дзергачоў адзначае, што іншыя назіральнікі на ўчастку №5 знаходзяцца без масак. З гэтай нагоды ён падаў скаргу старшыні камісіі з просьбай пазбавіць іх акрэдытацыі за парушэнне санітарных нормаў.

Старшыня камісіі разглядзела скаргу і абвясціла рашэнне: пазбавіць акрэдытацыі за знаходжанне назіральнікаў на ўчастку без масак яна не можа, але можа вынесці ім папярэджанне.

Брэст

У Брэсце назіральнікаў, якія не патрапілі ў спісы для назірання, нягледзячы на акрэдытацыю, выціскаюць з участкаў для галасавання. Некаторых вымушаюць з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі пакінуць нават калідоры і тэрыторыі каля выбарчых участкаў.

Тэрыторыі выбарчых участкаў ачышчаюць ад “лішніх” назіральнікаў

Па інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Вялічкіна, такія факты зафіксаваныя на УВК 18 і УВК 32 Ленінскага раёна, і УВК 78 Маскоўскага раёна Брэста.

Гродна

Назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Віктара Сазонава ў першы дзень датэрміновага галасавання не дапусцілі прысутнічаць пры апячатванні скрыні на выбарчым участку №12 Ленінскага раёну г. Гродна. Пра гэта паведамляе "Гарадзенская Вясна". 

На ўчастак Віктар Сазонаў прыйшоў самы першы з назіральнікаў, аднак старшыня з чатырох прысутных назіральнікаў выбраў трох, а Сазонава папрасіў пакінуць участак, сказаўшы, што ён зарэгістраваны пазней, чым іншыя трое.  Па дадзеным факце назіральнік накіраваў электронную скаргу ў ЦВК.

Таксама "Гарадзенская Вясна" піша, што незалежныя назіральнікі Віктар Сухі і Раман Юргель 4 жніўня выявілі, што ўчастковая камісія №64 па Кастрычніцкім раёне Гародні і Кастрычніцкая ТВК знаходзяцца на адным паверсе аднаго і таго ж будынку - Гродзенскага інстытуту развіцця адукацыі.

Камісія №64 у гэты дзень на вялікім экране глядзела пасланне Аляксандра Лукашэнкі, якое транслявала БТ. Назіральнікі лічаць, што такім чынам членамі камісіі быў парушаны артыкул 45 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, паколькі створаны няроўныя ўмовы перадвыбарчай агітацыі. Назіральнікі падалі адпаведныя скаргі ў ТВК Кастрычніцкага раёну.

Гомель

Назіральнік Віктар Адзіночанка не быў дапушчаны ва УВК № 20 Цэнтральнага раёна г. Гомеля, дзе ён акрэдытаваны як назіральнік пад нумарам 12. З гэтай нагоды назіральнік звярнуўся са скаргай Цэнтральную раённую камісію, дзе адзначыў: калі ён прышоў у памяшканне для датэрміновага галасавання, там ўжо знаходзіліся члены УВК і тры назіральніка. Старшыня камісіі У.В. Арлоў загадаў Віктару Адзіночанка выйсці, што ён і зрабіў, выказаўшы перад гэтым сваё абурэнне. 

"Лічу, што дадзеныя дзеянні парушаюць мае правы як назіральніка. Тлумачэнне, што гэта выклікана складанай эпідэміалагічнай сітуацыяй я лічу надуманным. Бо я быў у масцы. А амаль ўсе члены камісіі і  назіральнікі – не", – падкрэсліў Віктар Адзіночанка ў сваёй скарзе.

Назіральніка Леаніда Судаленку, зарэгістраванага доўгатэрміновым назіральнікам па Савецкай выбарчай акрузе гораду, таксама не пусцілі назіраць за датэрміновым галасаваннем на 52-м выбарчым участку. Ён быў акрэдытаваны 12-ым назіральнікам на гэтым участку. Перад адкрыццём выбарчага ўчастку старшыня камісіі Таццяна Гусак назвала тры прозвішчы назіральнікаў, якіх прапусцілі на ўчастак, а Леаніду Судаленка сказала, што ён не мае права прысутнічаць. 

Назіральніца на участку №36 Савецкага раёна Гомеля Аляксандра Герасімовіч сёння ўвесь дзень прасядзела пад дзвярыма і налічыла 39 выбаршчыкаў. У выніковым пратаколе камісія паказала, што прагаласавала 102 чалавекі. Такім чынам, у першы дзень датэрміновага галасавання яўка завышаецца амаль ў тры разы.

Глыбокае

Назіральніка Вадзіма Хлуса выдалілі з участку №2 г. Глыбокае, дзе ён быў акрэдытаваны, бо там ужо было тры назіральнікі ад улады. Назіральнік заставаўся перад уваходам у выбарчую камісію некалькі гадзінаў і адзначыў, што за гэты перыяд не прайшло ніводнага выбаршчыка.

uchastak_glubokae.jpg
Выбарчы ўчастак у Глыбокім

Мінск

Назіральніца на ўчастку №42 у Мінску не дапушчаная ў памяшканне для галасавання, і гэта ўсё, што яна можа бачыць:

uchastak42_minsk.jpg
Участак №42 у Мінску

Тым часам назіральнік ад "Белай Русі" на ўчастку №118 Фрунзенскага раёна Мінску напісаў і падаў скаргу на незалежных назіральнікаў, які знаходзяцца на вуліцы і лічаць выбаршчыкаў, што прыйшлі прагаласаваць. 

А вось так 4 жніўня запускалі назіральнікаў на ўчасткі для галасавання №8, 9 і 10 Фрунзенскага раёна г.Мінска, якія месцяцца ў сярэдняй школе №217. Па загаддзя зробленых спісах. Незалежным назіральнікам месца не знайшлося.

На ўчастку №31 Першамайскага раёна г. Мінска назіральнікамі была зафіксавана яўка 24 выбаршчыкаў. У той жа час у выніковым пратаколе камісія напісала, што выдала 86 бюлетэняў

На ўчастку №70 у Мінску згодна з пратаколам было выдадзена аж 274 бюлетэні, а назіральнікі, якія цэлы дзень дзяжурылі каля ўчастка зафіксавалі толькі 30 выбаршчыкаў.

Мазыр

Ні ў адзін дзень для назіральнікаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Мазыра Юрыя і Уладзіміра Целепуноў не знайшлося часу для назірання. Усяго камісіяй №18 было акрэдытавана 10 назіральнікаў, і для шасці з іх быў выдзелены час і месца на ўчастку. 

Салігорск

Назіральнік Леанід Мархотка адзначыў, штоа на ўчастку №17 у Салігорску шторкі ў кабіны для тайнага галасавання адведзены ў бок і добра замацаваныя. Дзяжурныя члены выбарчай камісіі ўважліва сочаць за выбаршчыкам у кабіне для тайнага галасавання, а праўладныя назіральнікі  гэта ўсё бачаць і не рэагуюць.

Інфармацыя будзе дапоўненая

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары