У Мінску на ўчастках для галасавання затрымліваюць назіральнікаў
У першы дзень датэрміновага галасавання, 4 жніўня, кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" стала вядома пра два выпадкі затрымання незалежных назіральнікаў на ўчастках для галасавання.
Раніцай 4 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі на ўчастку для галасавання №52 Кастрычніцкага раёна Мінска назіральніка ад ініцыятывы "Сумленныя людзі" Івана Дубовіка. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён быў затрыманы за тое, што падаваў скаргі ад ініцыятывы.
Ён паспеў паведаміць, што яго вязуць у Кастрычніцкі РУУС. Адразу сваякам адмаўляліся прадастаўляць інфармацыю аб яго месцазнаходжанні, але потым падцвердзілі, што Іван Дубовік знаходзіцца ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Пазней стала вядома, што на яго складаюць пратакол па арт. 23.4 КаАП нібы за супраціўленне супрацоўнікам міліцыі на ўчастку для галасавання.
Увечары 4 жніўня стала вядома, што на ўчастку для галасавання №28 Мінскага раёна быў затрыманы назіральнік Алег Гіргенсон. Назіральнік заявіў на ўчастку, што нягледзячы на тое, што ён чацвёрты ў кнізе назіральнікаў, ён усё роўна будзе назіраць. Сябры камісіі выклікалі на яго міліцыю. На ўчастак прыехаў намеснік начальніка бараўлянскай міліцыі Віталь Асіповіч і яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. Яго павезлі для высвятлення абставінаў у Бараўлянскае РАУС.