Тэрыторыі выбарчых участкаў ачышчаюць ад “лішніх” назіральнікаў
У Берасці назіральнікаў, якія не патрапілі ў спісы для назірання на участках нягледзячы на акрэдытацыю, выціскаюць з участкаў для галасавання.
Некаторых вымушаюць з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі пакінуць нават калідоры і тэрыторыі каля выбарчых участкаў.
Па інфармацыі назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Вялічкіна, такія факты зафіксаваныя на УВК 18 і УВК 32 Ленінскага раёна і УВК 78 Маскоўскага раёна Брэста.
Так, з участка для галасавання №78, які размешчаны ў сярэдняй школе №14 імя Фаміна, з дапамогай міліцыі 4 жніўня быў выдалены назіральнік ад групы грамадзян, былы афганец узнагароджаны медалём "За адвагу", Алесь Сахарук (на фота).