Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Сёння стартуе датэрміновае галасаванне: цікавыя факты і лічбы

Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта пачынаецца сёння ў Беларусі. Згодна з Каляндарным планам, яно прадоўжыцца да 8 жніўня, а ў нядзелю, 9 жніўня, пройдзе асноўны дзень галасавання.

Усяго пад час сёлетніх выбараў створана 5 767 участкаў для галасавання, з іх 231 – у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, 13 – вайсковых частках. Па дадзеных ЦВК  за межамі Беларусі ўтвораныя 44 участкі для галасавання.

Датэрміновае галасаванне. Фота: intex-press.by

Колькі выбаршчыкаў у Беларусі?

Цэнтрвыбаркам Беларусі ўключыў у спісы выбаршчыкаў амаль 6 млн 845 тысяч чалавек. Акрамя таго, у спісы выбаршчыкаў унесены 5 319 беларускіх грамадзянін, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.

На папярэдніх выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе колькасць выбаршчыкаў складала 6 млн 995 тыс. 181 чалавек, у 2010 годзе — 7 млн 105 тыс. 660 чалавек. 

Колькасць выбаршчыкаў ад часу мінулых прэзідэнцкіх выбараў скарацілася амаль на 160 тысяч.

У Беларусі афіцыйнага пацверджання прычын, па якіх выбаршчык галасуе датэрмінова не патрабуецца. Выбарчыя камісіі хутчэй зацікаўленыя ў тым, каб як мага болей людзей прагаласавала датэрмінова. Так, на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе ўдзел у датэрміновым галасаванні прынялі 28% грамадзян, якія бралі ўдзел у галасаванні, у 2015 годзе – 36 %.

Якія дакументы трэба, каб атрымаць бюлютэнь для галасавання?

Пры сабе выбаршчыку трэба мець пашпарт, альбо калі яго няма - даведку з органаў унутраных спраў, якая пацвярджае асобу грамадзяніна.

Ваеннаслужачыя тэрміновай службы могуць прад'явіць ваенны білет. Увогуле прагаласаваць можна нават па службовым альбо па пенсійным пасведчанні, правах кіроўцы ці студэнцкім білеце.

Хто і якім чынам будзе назіраць на галасаваннем?

Па стане на 3 жніўня выбарчыя камісі акрэдытавалі беспрэцэндэнтную колькасць нацыянальных назіральнікаў –  48 642 грамадзян. Большасць назіральнікаў вылучылі грамадскія аб’яднанні - 33 013, затым – грамадзяне шляхам падачы заяў (10 501). Наступныя па колькасці – палітычныя партыі (2 606)  і працоўныя калектывы (2 522). Аднак з-за уведзеных па прычыне распаўсюду каронавіруса COVID-19 абмежаванняў, ня ўсе назіральнікі змогуць якасна працаваць на ўчастках для галасавання.

Аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічаць, што абмежаванне колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання робяць выбарчы працэс закрытым для незалежнага назірання і парушаюць адзін з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў – галоснасць пры правядзенні выбараў.

ЦВК дадаткова патлумачыў, як будуць працаваць назіральнікі на выбарах

22 ліпеня ЦВК зацвердзіла Пастанову № 115 “Аб унясенні зменаў у пастанову ЦВК ад 8 мая 2020 г. № 15”. Згодна з дадзенай пастановай у мэтах прафілактыкі распаўсюду каранавіруснай інфекцыі былі ўведзеныя абмежаванні па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання і ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях пры прыёме пратаколаў з УВК.

 Акрамя гэтага УВК акрэдытаваў 201 міжнароднага назіральніка, якія прадстаўляюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў і дыпламатычны корпус.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі у назіранні не прымуць удзел місіі БДІПЧ АБСЕ і ПАСЕ. Так, 15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ абвясціла, што не будзе адпраўляць назіральную місію ў Беларусь на выбары ў сувязі з несвоечасова адпраўленым запрашэннем ад беларускага боку.

Выбарчыя ўчасткі пад час датэрміновага галасавання будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і пасля перапынку - з 16.00 до 19.00 гадзін.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” патрабуюць забяспечыць галоснасць пры галасаванні і падліку галасоў

Мы заклікаем участковыя выбарчыя камісіі для рэалізацыі прынцыпа роўнасці забяспечыць доступ для незалежных назіральнікаў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары