"Сацыяльная рэклама важнейшая за выбары". Ціханоўскай адмовілі ў размяшчэнні білбордаў па ўсёй краіне
Дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя кампаніі, якія займаюцца размяшчэннем вонкавай рэкламы, паўсюдна адмовілі кандыдатке ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай у размяшчэнні агітацыйных білбордаў, піша naviny.by.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, прадпрыемства "Мінскрэклама" "адмовілася разглядаць нават магчымасць размяшчэння, спасылаючыся на тое, што сацыяльная рэклама важнейшая за выбары".
Прыватныя кампаніі ў Брэсце, Гродне, Мінску і Гомелі таксама адмовілі, спасылаючыся на "супрацьдзеяння выканаўчай улады".
Адзіная дамова была падпісаная з дзяржаўнай арганізацыяй "Гомельаблрэклама" — на размяшчэнне рэкламных плакатаў на сямі білбордах Гомельскай вобласці.
"Аднак сёння, 31 ліпеня, дырэктар кампаніі патэлефанаваў і папрасіў прабачэння, што не можа выканаць дамову, паколькі Гомельскі аблвыканкам забараніў гэта рабіць, матывуючы тым, што яму тэрмінова спатрэбілася размясціць сем плакатаў сацыяльнай рэкламы", — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.