Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Гомелі для назіральнікаў каранавірус, а для выбаршчыкаў – забавы

Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў Савецкім раёне Гомеля Леанід Судаленка заўважыў, што выбаршчыкам на ўчастках прапануецца праграма мерапрыемстваў "Усёй сям'ёй на выбары", у той час як колькасць назіральнікаў нібыта праз эпідэмію каранавірусу абмежаваная да 3-5 чалавек на кожным участку. Пра гэта піша "Гомельская вясна". 

У прыватнасці, ужо з адкрыццём выбарчага ўчастка №52, што знаходзіцца ў актавай зале гарадскога ліцэя, з 8.00 раніцы прэзентуюць выставу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, правядуць выставу-прэзентацыю дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў і, вядома ж, будзе працаваць святочны гандаль. У гэты ж час на ўчастку стартуе акцыя "Упершыню галасуючы", змест якой у праграме не раскрываецца.

У дзень асноўнага галасавання з 10.00 раніцы тут будзе прадстаўлена канцэртная праграма мастацкай самадзейнасці, гульнявыя спартыўныя праграмы, настольныя гульні і шахматна-шашачны турнір. З 12.00 арганізатары прэзідэнцкіх выбараў будуць дэманстраваць аўтарскія калекцыі адзення і правядуць бяспройгрышную латарэю.

vybary_gomel_razv.jpg
Праграма мерапрыемстваў на выбарчым участку. Фота з сайта "Гомельскай вясны"

Па словах Леаніда Судаленкі, нягледзячы на знаходжання ўчастка для галасавання практычна на ўскраіне абласнога цэнтра, ён атрымаў рэгістрацыю назіральнікам пад нумарам 12, што ў сілу апошніх тлумачэнняў Цэнтрвыбаркама не пакідае незалежным назіральнікам ніякага шанцу маніторыць ход як папярэдняга, так і асноўнага галасавання.

Іншымі словамі, для назіральнікаў уведзена правіла больш пяці на ўчастку для галасавання не збірацца. Прычым, на кожным участку ўлада зарэгістравала па 10 падкантрольных ёй назіральнікаў яшчэ да апублікавання Цэнтрвыбаркамам адпаведнага рашэння. Атрымліваецца, незалежным назіральнікам месца на выбарчых участках калі і пакінутыя, так толькі ў святочным буфеце, дзе выбаршчыкаў арганізатары выбараў вырашылі весяліць, карміць і паіць без уліку сітуацыі з COVID-19.  

Нагадаем, 22 ліпеня Цэнтрвыбаркам прыняў папраўкі ў раней прынятае Палажэнне аб парадку назірання за выбарамі, па якім на выбарчым участку максімальна можа прысутнічаць не больш за 5 назіральнікаў, права прысутнасці якіх вызначаецца чарговасцю іх акрэдытацыі ва ўчастковым выбаркаме.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары