Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Падтрымаў Цiханоўскага i змясцiў знак Бабарыкi ў Instagram “Белшыны”. Сяржуку Лацінскаму прыйшлося сысцi пасля 7 гадоў працы

За плячамі ў бабруйчаніна Сяргея Лацінскага 24 гады падтрымкі футбольнага клубу “Белшына” і больш за сем гадоў у клубе ў якасці трэнера-відэааператара. Паўтара месяца таму гэтай супрацы прыйшоў канец. Прычына – зроблены Лацінскім допіс у клубным Instagram, які выражаў нязгоду са скандальным затрыманнем блогера Сяргея Ціханоўскага.

lacinski_serzh.jpeg
Сяржук Лацінскі. Фота з сайта by.tribuna.com

Журналістка “Трыбуны” Надзея Філіпчык зрабіла вялікае інтэрв’ю з Сяргеем Лацінскім пра звальненне з клуба, суткі за пікет салідарнасці, выбары, а таксама пра тое, чым на самой справе жыве футбол у Бабруйску. Правабарончы цэнтр “Вясна” прыводзіць вытрымкі з яго.

– Колькі часу ты ўжо не ў клубе?

– Пакінуў «Белшыну» 9 чэрвеня, хаця праблемы пачаліся, зразумела, 29 траўня. Дзесяць дзён мяне памурыжылі і пасля папрасілі напісаць заяву па згодзе бакоў.

– Прычына звальнення – допіс у сторыс?

– Так, за допіс пра тое, як забіралi Сяргея Ціханоўскага. Пасля гэтага ўсё і закруцілася, праўда, хутчэй, не з боку клуба, а з боку выканкама. Напэўна, адтуль прыходзілі сігналы, што трэба ад мяне пазбавіцца.

lacinski_serzh1.jpeg
Допіс у сторыз, які зрабіў Сяргей Лацінскі. Фота з сайта by.tribuna.com

 Навошта ты зрабіў такі допіс? Ты ж, напэўна, разумеў, што будуць наступствы.

– Гэта быў цалкам эмацыйны ўчынак. Бо Ціханоўскі – адзін з удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі, у чалавека была рэальная падтрымка – колькі людзей глядзелі яго стрымы. А з ім так паступаюць, забіраюць яго проста на вуліцы. То бок бачыў, што робіцца нейкае беззаконне, і на эмоцыях зрабіў той допіс.

– Калі ў цябе пачаліся праблемы?

– Першая рэакцыя ад клуба з’явілася на трэці дзень, трэба было напісаць тлумачальную наконт допісу. Напэўна, кіраўніцтва “Белшыны” вазіла яе ў выканкам. Адразу разумеў, які будзе вынік, і прапанаваў кіраўніцтву клуба, каб мяне проста звольнілі. Але яны казалі – не, вось у нас наперадзе яшчэ гульня з мінскім “Дынама”. Для мяне гэта была апошняя гульня з клубам.

– Якія водгукі ты атрымоўваў ад іншых людзей? Былі словы падтрымкі?

– Канешне, людзі падтрымлівалі. Той пост набраў шмат праглядаў, нехта можа сказаць, што я на гэтым хайпануў :). “Трыбуна” расказала пра пост, людзі палезлі на нашу старонку, і было шмат пазітыўных каментаў кшталту: “Белшына” – мой другі любімы клуб!”. Негатыву зусім не было, бачыў яго толькі з боку вышэйшых асоб. Да і рашэнне аб маім звальненні, напэўна, не было цалкам прынятае клубам, ён жа належыць да выканкама.

Пасля, калі перад гульнёй з “Дынама” начальнік каманды стаяў каля дэлегата ад АБФФ, яшчэ на мяне ціхенька паказвалі – маўляў, паглядзіце, гэта ён, той самы дысідэнт. Але я не бачу ў сваім учынку ніякага дысідэнцтва, гэта проста нармальная рэакцыя на беззаконне. Могуць сказаць – навошта гэта рабіць у пабліку футбольнага клуба? Але я даўно закінуў уласную старонку, жыў гэтым акаўнтам, таму напісаў там. Не рабіў ніякіх заклікаў, проста напісаў: “Мы супраць”. Пры гэтым не ўказваў, што гэта футбольны клуб супраць ці што кіраўніцтва супраць.

Ды і шмат хто супраць. Мы бачылі, якія пасля гэтага пачаліся падзеі ў краіне, як людзі прыходзілі на пікеты. Напэўна, шмат хто з іх быў не за Ціханоўскую, а за Бабарыку ці Цапкалу, але яны ішлі стаяць у чэргах за Ціханоўскую. Гэта быў іх покліч душы.

– Гэты акаўнт застаецца тваім?

– Так. Гэта старонка, якую я ствараў сам і за якую не атрымаў ні капейкі грошай. На днях клуб папрасіў змяніць назву, я дапісаў слова fans. Ужо клуб стварыў новы [афiцыйны] акаўнт, хаця можна было б, напэўна, дамовіцца са мной і забраць гэту старонку. Вось так проста яны расстаюцца са сваімі падпісчыкамі.

– То бок вядзенне сацсетак не ўваходзіла ў тваю працу?

– Не. Я трэнер-відэааператар, і на мне ляжалі іншыя функцыі. Проста самому было цікава папрацаваць у інстаграме, ды і хапала відэа, якое не ўпісвалася ў фармат ютуба. І я заняўся інстаграмам. Мяркую, атрымлівалася няблага.

– А што цябе матывавала паставіць на пост пра перамогу “Белшыны” сэрца – лагатып Бабарыкі?

– У нас ужо сэрца забароненае? Шукаеш у гіфках “сердце”, бачыш такі прыгожы сімвал, ён зараз вядомы беларусам. Зноў-такі, не рабіў ніякіх правакацыйных допісаў, проста жадаў выказаць радасць ад перамогі і любоў да каманды.

lacinski_serzh2.jpeg
Допіс, зроблены ў сторыз Сяргеем Лацінскім. Фота з сайта by.tribuna.com

– Як ты развітваўся з клубам?

– Прыехаў, аддаў рэчы, атрымаў працоўную кніжку. Не было ніякіх развітанняў, сардэчнасцяў. Увогуле было неяк пуставата. Трэба аддаць належнае клубу, разлічылі мяне нават у той жа дзень, вечарам, хаця апошнім часам мы не так аператыўна атрымоўвалі заробкі. А тут хутка знайшліся грошы, развіталіся і забыліся.

– Чым займаешся зараз?

– Нейкі час адпачываў, у мяне заставаліся яшчэ два невыкарыстаныя месяцы адпачынку. Ведаеш, футбольная праца выматвае, графік не тое што плаваючы – яго проста не існуе. Працаваў у клубе больш за сем гадоў, і на працягу гэтага часу кожная субота і нядзеля проста вырываліся з жыцця. Летам, напрыклад, ты не праводзіш выходныя з сям’ёй дома, не можаш паехаць у вёску ці на рэчку – знаходзішся на стадыёне. З хатнімі гульнямі прасцей, а што, калі едзеш некуды ў Брэст? Такі выезд займае два дні.

Ужо знайшоў сабе працу. Буду фатографам і відэааператарам у арганізацыі, якая праводзіць культурныя мерапрыемствы. Былі розныя прапановы, выбраў працу з больш-менш вольным графікам, да якой ляжыць сэрца. Трэба адысці ад усяго клубнага, жыць нечым іншым, але футбол зацягвае. І мяне гэта зацягнула, трэба было, напэўна, сыходзіць з клуба раней – можа, у 2016 годзе, калі прыйшлі інвестары.

lacinski_ser2.jpeg
Сяржук Лацінскі за працай. Фота з сайта by.tribuna.com

– Нядаўна ты трапіў у яшчэ адну гісторыю, калі пасля пікетаў салідарнасці атрымаў суткі.

– Я з’яўляюся назіральнікам за выбарамі ад Беларускага Хельсінкскага камітэта, працую пры Ленінскай раённай камісіі. У гэтым статусе тады быў на перадвыбарчым пікеце па зборы подпісаў, нешта фатаграфаваў. Разам са мной была жонка, яна карэспандэнтка, на нас былі бэйджыкі. І нас першымі забралі з пікета ў аўтазак, відэа затрымання разышлося паўсюль. Было бачна, што нас забірае кіраўніцтва міліцыі, але тыя людзі не прадстаўляліся. Дзякуй Богу, жонку адпусцілі, а мяне павезлі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання, ІЧУ. Потым быў суд, але нармальным судом яго назваць цяжка.

Сяржук Лацінскі. Фота Bobr.by
Сяржук Лацінскі дастаўлены ў суд. Фота Bobr.by

– Чытала, што ён выклікаў шмат пытанняў у СМІ.

– Было шмат журналістаў, і яны бачылі ўсё гэтае беззаконне, сваеасаблівае трактаванне суддзёй законаў і журналісцкіх нормаў. Яны выказвалі гэта і сыходзілі з залі суда, бо за выклікі адтуль выдаляюць. У выніку прысудзілі дзесяць сутак, завезлі ў IЧУ. Там выявілі высокую тэмпературу і адаслалі дахаты. Потым у паліклініцы зрабілі рэнтген, бо не хапала сімптомаў для КТ, тэст на каранавiрус не рабілі. Тэмпература і дагэтуль перыядычна з’яўляецца.

Атрымоўваецца, з 22 чэрвеня ў любы момант мяне могуць забраць [на суткі] – на вуліцы, каля дома. Гэта ж не адзінкавы выпадак, такое зараз практыкуецца па ўсёй краіне. Не скажаш дакладна, калі ім трэба будзе мяне забраць, можа, пад выбары.

– Калі ў тваім жыцці з’явілася палітычная дзейнасць?

– Напэўна, у 2004 годзе вырашыў дапамагчы знаёмым збіраць подпісы перад парламенцкімі выбарамі. Потым збольшага пачаў займацца нейкімі культурнымі і асветніцкімі праектамі. Запрашалі ў Бабруйск нейкіх гісторыкаў, музыкаў, прывезлі шмат беларускамоўных гуртоў.

З 2012 года кожныя выбары таксама працую назіральнікам пры тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, ніякіх канфліктаў праз гэта ніколі не было. Вельмі цяжка сказаць, як у нас на выбарах лічаць галасы, бо для назіральніка ўсё гэта не бачна, ты бачыш толькі чужыя спіны. Людзі, якія назіраюць за выбарамі ў іншых краінах, расказваюць, што там на кожным участку сядзяць прадстаўнікі розных партый, і выбары нельга сфальсіфікаваць. Кожны бюлетэнь бяруць і паказваюць усім, назіральнікі стаяць каля стала. Гэта займае вельмі шмат часу, не тое што ў нас, калі недзе за гадзіну ўжо ёсць вынік. У нас ты бачыш, як адна жанчына нешта пашаптала, іншая нешта пашаптала, потым яны звялі свае лічбы і паказалі табе пратакол.

– А калі ты заняўся праваабарончай дзейнасцю?

– У 2011 годзе. Тады былі маўклівыя акцыі, калі людзі пляскалі ў далоні на вуліцы і пасля ім за гэта давалі суткі. Трэба было іх кансультаваць, так я і стаў праваабаронцам.

– Раней у цябе праз грамадскую дзейнасць не было праблем у клубе?

– Не, раней было спакойна. Але зараз на звальненні гучала – чаму цябе не было на працы 21 траўня? У той дзень праходзіла паседжанне выбарчай камісіі, і, напэўна, адтуль далажылі, што я знаходзіўся там, а не на працоўным месцы. Хаця я і не павінен быў пастаянна сядзець у клубным офісе, у мяне былі іншыя задачы. Ну а што трэнер-відэааператар можа рабіць у офісе па 8 гадзін ? Усё было зразумела, патрабавалася проста выканаць нейкі аб’ём працы, і мы на такія ўмовы і ішлі.

Хаця я і раней хадзіў на паседжанні камісій, быў там у 2015-м, 2016-м гадах, у мінулым годзе, калі праходзілі апошнія парламенцкія выбары. Ніколі не было праблем, а тут яны вырашылі сур’ёзна за ўсіх узяцца.

lacinski_ser.jpeg
Сяржук Лацінскі за працай. Фота з сайта by.tribuna.com

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары