Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітаваць за Ціханоўскую ў Гомельскай вобласці дазволілі толькі раніцай. Дзмітрыеву — таксама

Агітацыйны пікет кандыдаткі Святланы Ціханоўскай у Мінску 19 ліпеня. Фота:
Агітацыйны пікет кандыдаткі Святланы Ціханоўскай у Мінску 19 ліпеня. Фота: "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Юры Уласаў, давераная асоба Святланы Ціханоўскай, падаў у райвыканкамы Гомельскай вобласці паведамленні аб правядзенні агітацыйных пікетаў. Ён атрымаў адказ, што праводзіць агітацыю можна толькі раніцай — ад 8 да 12 гадзіны. Пра гэта піша Радыё Свабода.

"Нават у выходны дзень! Хто прыйдзе на пікет у будзённы ці выходны дзень а 8-й раніцы? У выканкамах тлумачаць, што іншы, пазнейшы час ужо заняты даверанай асобай іншага кандыдата, Аляксандра Лукашэнкі. Гэта генеральны дырэктар ААТ „Спартак“ Алег Жыдкоў", — сказаў Юры Уласаў.

adkaz_agitacyia_cihan.jpg
Адказ Жлобінскага райвыканкаму. Фота з сайта svaboda.org

З такой сітуацыяй ён сутыкнуўся ў Жлобіне і Добрушы.

"Наогул, агітацыйны пікет можна ставіць у дазволеным месцы па прынцыпе апавяшчэння. Мы апавясцілі выканкамы і нібыта можам праводзіць пікеты. Але намеснік старшыні Добрушскага райвыканкаму Руслан Сікорскі нам адказаў, што калі мы будзем праводзіць пікет пазней за 12 гадзіну, то гэта будзе несанкцыянаванае мерапрыемства", — кажа Уласаў.

У Гомелі ён таксама падаў паведамленні ў адміністрацыі раёнаў.

"Вусна нам адказалі ў адміністрацыях, што пікеты дазволяць толькі з 8 да 12. Афіцыйную паперку абяцалі даслаць, але ўсё зразумела і так", — дадаў Юры Уласаў.

Пакуль у Гомельскай вобласці ў Ціханоўскай узгоднены адзін пікет — у Буда-Кашалёве, а 21-й гадзіне на школьным стадыёне.

"Дазволілі толькі адну гадзіну, з 21.00 да 22.00", — удакладніў давераная асоба Ціханоўскай.

З падобнай сітуацыяй сутыкнуліся і давераныя асобы Андрэя Дзмітрыева. Рэчыцкія і гомельскія ўлады дазволілі ім праводзіць пікеты толькі раніцай, пішуць naviny.by. 

Алег Шабетнік, які з'яўляецца даверанай асобай кандыдата Дзмітрыева, распавёў, што каманда палітыка ў Рэчыцы апавясціла ўладаў, што будзе праводзіць пікеты ў адзіным дазволеным месцы — на пляцоўцы каля капліцы Ефрасінні Полацкай, з 8 да 22 гадзін.

"Але мне з Рэчыцкага райвыканкама прыйшоў ліст. Там прапануецца змяніць час правядзення пікетаў з 8 да 10 гадзін. У лісце не пазначана, на якой падставе нам паступае такая прапанова. Прычым не паспеў я атрымаць ліст на пошце, як да нашай каманды падышла міліцыя і запатрабавала не праводзіць пікет, бо нам нібыта дазволена толькі з 8 да 10", — сказаў Шабетнік.

Аналагічная сітуацыя склалася ў Гомелі. Актывісты штаба Дзмітрыева атрымалі ліст з гарвыканкама з прапановай праводзіць пікеты з 10 да 12 гадзін на пляцоўцы каля цэнтра інклюзіўнай культуры. Раней Шабетнік паведамляў уладзе, што пікеты будуць праводзіцца на гэтай пляцоўцы пасля 16:00.

Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка назваў прапановы чыноўнікаў агітаваць толькі раніцай "свавольствам".

"Так, на адной пляцоўцы нельга праводзіць адначасова два масавыя мерапрыемствы — паводле закону аб масавых мерапрыемствах. Але выбарчай кампаніі гэта не тычыцца. У выбарчай кампаніі пытанні рэгулююцца Канстытуцыяй, Выбарчым кодэксам і пастановамі ЦВК. Нідзе — ні ў Выбарчым кодэксе, ні ў пастановах ЦВК — няма такой нормы, што выканкамы вызначаюць час для агітацыі. Давераная асоба падала паведамленне на дазволенае месца — і мусіць ісці агітаваць. Трэба абскарджваць такія рашэнні выканкамаў", — пракаментаваў сітуацыю Судаленка.

Ён не бачыць парушэння закону, калі на адной пляцоўцы будуць агітаваць за двух кандыдатаў.

"Калі давераныя асобы дамовяцца. Паводле выбарчага заканадаўства, калі ў выканкам раней паступіла заяўка ад іншага кандыдата і паміж кандыдатамі няма дамоўленасці, то мясцовы орган можа прапанаваць іншы час", — дадаў назіральнік.

Леанід Судаленка нагадаў: 

"Раней выканкамы вызначалі месцы для агітацыі, дзе нельга яе праводзіць. Сёлета яны вызначылі месцы, дзе можна агітаваць — у Гомелі гэта тры аддаленыя ад цэнтру пляцоўкі. Прычым у Цэнтральным раёне ўвогуле агітаваць нельга".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары