Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Перамены грамадзянам прапануюць асобы з крымінальным мінулым". Як агітуюць за Лукашэнку

Давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец
Давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Іванец

У актавай зале сярэдняй школы №99 21 ліпеня прайшла сустрэча даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Іванца з выбаршчыкамі Фрунзенскага раёна Мінска. Сустрэчу наведаў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.

Назіральнік адзначае, што пры ўваходзе ў школу кожнаму, хто ўвайшоў апрацоўвалі рукі антыспетыкам, мералі тэмпературу і прасілі запісаць сваё імя прозвішча і імя па бацьку ў спіс. Назіральнік звязвае гэта з тым, што на сустрэчы было шмат настаўнікаў. З самага пачатку тых, хто прыйшоў прасілі рассаджвацца па месцах, захоўваючы фізічнае дыстанцыяванне.

"Пры гэтым у памяшканні было дастаткова душна, а з-за наплыву настаўнікаў у зале сабралася каля 60 чалавек, што рабіла дыстанцыяванне паміж прысутнымі немагчымым", – распавядае назіральнік.

Андрэй Іванец агучыў перадвыбарчую праграму дзеючага кіраўніка дзяржавы, пералічыўшы яго дасягненні за 25 гадоў, падкрэсліўшы, што "ў 1994 годзе за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 81% выбаршчыкаў". Пасля абвяшчэння перадвыбарнай праграмы Іванец стаў пераконваць прысутных, што затрыманні, якія адбываліся 14 і 15 ліпеня, былі цалкам законнымі, паколькі пераследавалі мэтай аднаўленне "законнасці" і "грамадскага парадку". Давераная асоба запэўнівала жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы ў тым, што "становішча ўнутры краіны спрабуюць расхістаць не толькі з-за мяжы, але і ўнутры краіны". У сувязі з гэтым прадстаўнік кандыдата пазначыў, што ў нашай краіне маецца мноства варыянтаў і формаў законнага выказвання свайго меркавання, напрыклад, прыйсці на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня і прагаласаваць.

Андрэй Іванец агучыў інфармацыю, што сярод затрыманых 14 ліпеня толькі ў Мінску 40 грамадзян раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. На гэтым моманце давераная асоба акцэнтавала ўвагу на тым, што "перамены грамадзянам прапануюць асобы з крымінальным мінулым". Таксама была агучаная інфармацыя аб 20 непаўналетніх затрыманых на акцыі 14 ліпеня ў Мінску. Іванец папракнуў альтэрнатыўных кандыдатаў у тым, што менавіта гэтая лічба паказвае "сталасць грамадзянскай супольнасці".

Давераная асоба Лукашэнкі падчас адказу на пытанні звярнула ўвагу прысутных, што Парк высокіх тэхналогій з'яўляецца выключна заслугай кіраўніка дзяржавы, а Валерый Цапкала павінен быць удзячным за прадстаўленую яму гонар узначальваць ПВТ на працягу некалькіх гадоў. Працягваючы папракаць альтэрнатыўных кандыдатаў, якія заклікаюць за перамены, Іванец падкрэсліў, што ні адзін з вылучэнцаў не знізіў хоць бы на адзін працэнтны пункт стаўкі па крэдытах на жыллё.

На пытанне з залы аб тым, якім чынам дзейны кіраўнік дзяржавы збіраецца падтрымліваць настаўнікаў, давераная асоба звярнула ўвагу на тое, што сустрэча праходзіць у будынку школы, у якой нядаўна прайшоў капітальны рамонт, што гаворыць аб увазе дзяржавы да праблем настаўнікаў у выглядзе ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы. На пытанне аб заробках педагогаў Андрэй Іванец сказаў: "Настаўнік не павінен звяртаць увагу на сваю зарплату, паколькі прафесія настаўніка з'яўляецца пакліканнем". 

Школа №99, дзе праходзіла сустрэча з выбаршчыкамі. Фота:
Школа №99, дзе праходзіла сустрэча з выбаршчыкамі. Фота: "Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначае, што многія пытанні тычыліся мясцовых праблем: рэканструкцыя Тучынскага сквера (адзінага месца для агітацыі на паўмільённы раён), ачыстка вадаёма ў Тучынскім скверы, адсутнасць маршруту грамадскага транспарту па вуліцы Берута, на якой знаходзіцца школа, у якой праходзіў сход. Грамадзяне атрымалі адказы: маршрут грамадскага транспарту пускаць не плануецца, ачыстка вадаёма знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовай улады, а рэканструкцыю Тучынскага сквера ў найбліжэйшыя тры гады праводзіць дакладна не будуць.

Аляксей Лойка адзначае, што самую бурную рэакцыю грамадзян выклікаў адказ на пытанне з залы аб дасягненнях аграпрамысловага комплексу. Іванец паведаміў, што адным з найважнейшых паказчыкаў развіцця малочнай галіны за апошнія тры гады з'яўляецца "значнае зніжэнне колькасці занятых у галіне на адзінку галоў жывёлы".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары