Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Лабковіч: Выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі

Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч на Еўрарадыё
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч на Еўрарадыё

ЦВК на сваім пасяджэнні 22 ліпеня абмеркавала пытанне з абмежаваннем колькасці назіральнікаў  ва ўчастковых выбарчых камісіях, звязаўшы гэта з пандэміяй каранавіруса.

Як адзначыла сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, пад час датэрміновага галасавання сябры выбаркамаў знаходзяцца ў цесных памяшканнях, а цяпер працягваецца эпідэмія каранавірусу, а за імі назіраюць назіральнікі, якія нібыта «камандуюць, што ім рабіць». У Нямеччыне, расказала яна, прыгразілі забараніць праводзіць выбары, бо памяшканне не адпавядае нормам сацыяльнага дыстанцыянавання.

Што важнае сказала старшыня ЦВК?

Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасавання, 9 жніўня, паменшыць колькасць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня, у агуле –  не больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч заявіў, што выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі:

“Сённяшняе рашэнне ЦВК - гэта фактычна поўнае перакрэсліванне ужо апошніх выбарчых працэдур у краіне. Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасці, які прадугледжаны арт 13 ВК. Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма наогул казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Прыкра, што Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, быццам бы дбаючы пра здароўе людзей, але ў іншым яна не хітрыць, бо ўсе яны яны баяцца маральнага ціску на сябраў УВК. Цяжка фальсіфікаваць выбары, калі за табой сочаць столькі шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасць грамадства і жаданне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой грамадскай актыўнасці, і адказваюць на гэта сваімі звыклымі метадамі.

Спачатку ўлады закрылі УВК да 24 ліпеня, не праводзячы працу па акрэдытацыі назіральнікаў, затым праз чорны ўваход напампавалі ўчасткі сваімі фэйкавымі назіральнікамі з праўладных арганізацый, а затым зрабілі фармальнасць у выглядзе сённяшняга рашэння.
Фактычна выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі па захаванню статус-кво ў краіне".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары