Не аспрэчылі, але адпрэчылі. Што адказалі ў ЦВК наконт прапаноў аб павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу
Старшыня ЦВК Лідзя Ярмошына адказала на зварот РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" наконт прапаноў аб павышэнні празрыстасці выбарчага працэсу. Прапановы былі распрацаваныя аналітыкамі кампаніі “Праавабаронцы за сабодныя выбары” і дасланыя ў Цэнтральную камісію 7 ліпеня.
Наконт адкрытага падліку галасоў з дэманстрацыяй бюлютэняў назіральнікам:
“У Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і Метадычным дапаможніку для ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадугледжаны канкрэтны спосаб і працэдура падліку галасоў. Але гэтая працэдура, сапраўды, не прадугледжвае дэманстрацыю назіральнікам і абвяшчэнне адзнак у кожным бюлетэні. Як Цэнтральная камісія неаднаразова тлумачыла раней, увядзенне такіх абавязкаў для ўчастковай камісіі патрабуе карэкціроўкі Выбарчага кодэкса”.
Між тым, у Выбарчым кодэксе таксама дакладна не прапісаная і існуючая зараз працэдура падліку галасоў. Чаму тады так можна, а лічыць галасы з дэманстрацыяй кожнага бюлетэня нельга?
Наконт прадастаўлення назіральнікам заверанай УВК Копіі пратакола аб выніках галасавання:
“Выбарчы кодэкс прадугледжвае абавязак участковай камісіі вывесіць копію пратакола аб выніках падліку галасоў для ўсеагульнага азнаямлення і права назіральніка вырабіць копію сваімі сіламі і сродкамі. Увядзенне для ўчастковай камісіі абавязку выдаваць назіральнікам завераныя копіі пратаколу патрабуе карэкціроўкі Выбарчага кодэкса”.
Як павысіць празрыстасць выбарчага працэсу? Прапановы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Наконт разбіўкі вынікаў галасавання па выбарчых участках:
"У Цэнтральную камісію не прадстаўляюцца пратаколы ўчастковых камісій аб выніках падліку галасоў, у сувязі з чым інфармацыя па ўчастках не публікуецца".
Так, сапраўды, выніковыя пратаколы ўчастковых камісій ў ЦВК не прадстаўляюцца. Але ёсць магчымасць публікаваць вынікі галасавання па ўчастках на сайтах раённых і раённых у гарадах адміністрацый у адпаведных рубрыках "Выбары 2020".
Пра публікацыю на сайце ЦВК усіх прынятых ёю пастаноў:
“Лічым неабходным адзначыць, што галоснасць, адкрытасць і празрыстасць у дзейнасці Цэнтральнай камісіі не можа ацэньвацца па колькасці апублікаваных на яе інтэрнэт-сайце пастаноў”
Лідзія Ярмошына далей тлумачыць прадстаўнікам кампаніі, што Пастановы Цэнтральнай камісіі № № 1-6, пра якія ўказвалася ў звароце прынятыя, але, з выбарамі яны не звязаныя, таму ў раздзеле “Выбары-2020” інтэрнэт-сайта Цэнтральнай камісіі інфармацыя аб гэтых пастановах адсутнічае. Наконт неапублікаваных пастаноў № № 20, 21, паведамляецца, што яны прызначаныя для арганізацыі працы мясцовых фінансавых органаў, таму і не размяшчаюцца. Замест мноства пастаноў (№25 – 80) па выніках разгляду дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на інтэрнэт-сайце размешчана табліца з указаннем прозвішча кожнай асобы, якая падала дакументы, і вынікаў іх разгляду, а таксама разгляду скаргаў судамі.