Удзельнічалі ў мітынгу. Як беларусаў не ўключалі ў выбаркамы ў амбасадах
На прэзідэнцкіх выбарах у гэтым годзе за межамі Беларусі створаны 43 участкі для галасавання на базе беларускіх амбасадаў і консульстваў. У беларусаў і беларусак, якія жывуць у іншых краінах, ёсць права вылучацца там ва ўчастковыя камісіі або стаць назіральнікам на ўчастках. Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркама ад 8 траўня 2020 года №17, вылучыцца ў камісіі можна з дапамогай заявы, падпісанай не менш трыма беларусамі, пражыванне якіх там пацверджана.
Беларусы, якія пражываюць у Нідэрландах, Польшчы і Вялікабрытаніі, распавялі нам, як яны спрабавалі вылучыцца ва ўчастковыя камісіі ў беларускіх амбасадах і што з гэта выйшла.
Нідэрланды
Як распавёў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" беларус Юрый, які пражывае ў Нідэрландах, што ва ўчастковую камісію №98, размешчаную ў Амбасадзе Беларусі ў Каралеўстве Нідэрландаў, "патрапілі толькі супрацоўнікі амбасады, іх жонкі і мужы, а заяўкі іншых кандыдатаў ва ўключэнне ў склад выбарчай камісіі былі адхіленыя".
Сапраўды, у загадзе Амбасады Беларусі ў Каралеўстве Нідэрландаў №17 "Аб утварэнні ўчастковай камісіі" пазначана, што ў склад камісіі ўваходзяць часовы павераны па справах, дарадца Станіслаў Васілеўскі і Ірына Васілеўская, першая сакратарка Амбасады Ірына Штурма, а таксама Андрэй і фінансістка Амбасады Святлана Тыкоцкія, Наталля і Эдуард Сукасян. Усіх – 7 чалавек.
"Камісія выглядае аднабока, так як у яе ўваходзяць людзі, якія непасрэдна падпарадкоўваюцца консулу, або якія маюць сваяцкія адносіны з супрацоўнікамі амбасады, што ў сваю чаргу робіць камісію ўразлівай да ціску з боку дзеючай улады.
Мы вельмі спадзяемся, што галасы беларусаў у Нідэрландах не будуць сфальсіфікаваныя", – адзначае беларус.
Адмову ва ўключэнні ў склад камісіі іншым кандыдатам у Амбасадзе абгрунтавалі тым, што яны бралі ўдзел у несанкцыянаваным нідэрландскімі ўладамі мітынгу.
"Адзіны такі мітынг быў праведзены ў Гаазе каля Амбасады без папярэдняга паведамлення ўладаў. Па просьбе нідэрландскага палісмена ён быў спынены. Ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў не было – толькі просьба ў наступны раз узгадняць з гарадскімі ўладамі.
Два наступных мітынгу ў Амстэрдаме і Гаазе былі праведзены пры папярэднім узгадненні з гарадскімі ўладамі", – распавядае Юрый.
Як патлумачыў часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Нідэрландах Станіслаў Васілеўскі (ён жа чалец камісі №98), пры разглядзе заяваў на ўключэнне або неўключэнне тых ці іншых асоб ва ўчастковую камісію комплексна ўлічваліся не толькі дзелавыя і асабістыя якасці заяўнікаў, але і іх досвед працы ва ўчастковых камісіях падчас папярэдніх выбарчых кампаній; сітуацыя з пандэміяй каранавіруса; наяўнасць або адсутнасць у заяўніка грамадзянства, акрамя Рэспублікі Беларусь; удзел заяўніка ў несанкцыянаваных нідэрландскімі ўладамі масавых мерапрыемствах насупраць будынка Амбасады, а таксама рэпутацыя асоб, якія вылучылі таго ці іншага прадстаўніка ў склад камісіі.
Польшча
Ва ўчастковую камісію па выбарах прэзідэнта №99, якая размяшчаецца ў Амбасадзе Беларусі ў Варшаве вылучаліся беларусы Крысціян Шынкевіч і Дзмітрый Аксенік. Як распавядае Крысціян, нягледзячы на тое, што заявы былі складзеныя паводле патрабаванняў заканадаўства і былі сабраныя подпісы беларусаў, якія знаходзяцца ў Варшаве на консульскім уліку, у патрэбнай колькасці, іх заявы з Дзмітрыем былі проста праігнараваныя.
"Мы з сябрам, калі прыйшлі падаваць у Амбасаду заявы аб уключэнні ў склад камісіі, нам сказалі пакінуць іх у паштовай скрыні, іх потым забяруць супрацоўнікі Амбасады. Мы так і зрабілі. Праз 1,5 гадзіны пасля моцнага дажджу мы вярнуліся і ўбачылі, што канверт з заявай Дзмітрыя забралі, а мой – заліты дажджом – пакінулі. Супрацоўнік Амбасады сказаў, што потым і мой канверт забяруць, нібыта яго адразу не заўважылі. Аднак адказу па вынікі ўключэння ў камісію ні мне, ні Змітру так і не прыйшоў", – распавядае Крысціян Шынкевіч.
Беларуская Амбасада ў Варшаве адказала Крысціяну Шынкевічу толькі пасля таго, як ён звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён хацеў даведацца прычыну свайго неўключэння ў камісію. Аднак дарадчыца-загадчыца консульскага аддзела Святлана Барысенка (у камісіі №99 яна з'яўляецца намесніцай старшыні) адказала, што "публікацыя гэтых звестак [інфармацыі аб складзе камісіі] замяняе адказ асобам, якія падалі заявы аб уключэнні ў склад выбарчай камісіі".
Што тычыцца складу ўчастковай камісіі ў Амбасадзе Беларусі ў Варшаве, то сітуацыя аналагічная з беларускай Амбасадзе у Нідэрландах – у яе ўвайшлі амаль усе супрацоўнікі гэтай Амбасады. Старшынёй УВК №99 з'яўляецца Аляксандр Часноўскі, дарадца-пасланнік (гандлёва-эканамічныя пытанні). Яго намесніцай, як ужо адзначалі, з'яўляецца Святлана Барысенка, дарадчыца-загадчыца консульскім аддзелам. У склад камісіі тут таксама ўвайшоў Алег Голубеў, першы дарадца па палітычных пытаннях. Усяго ў камісіі – шэсць чалавек.
Вялікабрытанія
Ва ўчастковую камісію №80, размешчаную ў Амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, вылучалася беларуска Дар'я, якая жыве ў Лондане. Яна распавяла, што для свайго вылучэння яна сабрала сем подпісаў пры трох неабходных. Аднак, як і многім беларусам, трапіць у камісію ёй не ўдалося. Прычыны адмовы Дар'і не паведамілі, па тэлефоне толькі сказалі "усё будзе на сайце [амбасады]".
Участковая выбарчая камісія №80, якая размяшчаецца ў Амбасадзе Беларусі ў Вялікабрытаніі ўтворана з пяці чалавек – чатыры з якіх супрацоўнікі Амбасады. Старшынёй камісіі тут з'яўляецца дарадца-пасланніца Ларыса Бельская. Яе намеснік у камісіі – першы сакратар Амбасады Павел Касуха. Сакратар выбаркама №80 – бухгалтарка Амбасады Таццяна Юркевіч. Таксама ў склад гэтай камісі ўваходзіць дарадца Аляксей Зелянко і Андрэй Дашуцін.
Як паўдзельнічаць у выбарчым працэсе, калі жывеш за мяжой
Як прыняць удзел у выбарчым працэсе, акрамя галасавання, калі жывеш за мяжой?