Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 15 - 21 чэрвеня 2020 года

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА Беларускі Хельсінкскі камітэт і ПЦВясна ў рамках кампаніі Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Высновы

  • Выбарчая кампанія праходзіць на фоне рэзкага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у сітуацыі няспынных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу, што падтрымлівае атмасферу страху ў грамадстве;
  • 18 чэрвеня стала вядома аб затрыманні супрацоўнікамі ДФР КГК патэнцыйнага кандыдата ў Прэзідэнты, аднаго з найбольш заўважных удзельнікаў сёлетняй выбарчай кампаніі, Віктара Бабарыкі і кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі. Пазней стала вядома, што Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 і 3 арт 285 КК (Стварэнне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй).  Абодва затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Раней таксама былі затрыманыя сябры ініцыятыўнай групы С. Купрэева і У. Дудараў. Праваабарончая супольнасць краіны прызнала В. Бабарыку і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы палітвязнямі і запатрабавала іх неадкладнага вызвалення;
  • 16 чэрвеня стала вядома аб узбуджэнні ў дачыненні да кіраўніка ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскай, блогера Сяргея Ціханоўскага яшчэ адной крымінальнай справы па арт. 191 КК (перашкоды ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянам, альбо рабоце Цэнтральнай выбарчай камісіі). Вядома, што дадзеная справа была ўзбуджаная па асабістай заяве старшыні ЦВК Л. Ярмошынай;
  • 19 чэрвеня скончыўся этап збору подпісаў выбаршчыкаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты. Трое з вылучэнцаў, Н. Кісель, А. Таболіч і Ю. Губарэвіч, заявілі аб спыненні свайго далейшага ўдзелу ў выбарах;
  • назіральнікі кампаніі працягваюць паведамляць аб выкарыстанні адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі – збор подпісаў пры непасрэдным удзеле адміністрацыі арганізацый, прадапрыемстваў і ўстаноў на іх тэрыторыі, у тым ліку і ў працоўны час;
  • пры правядзенні вулічных пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата А. Лукашэнкі іх арганізатары не абмяжоўваліся выключна зборам подпісаў, але і абмяркоўвалі іншыя пытанні, якія закранаюць інтарэсы грамадзян. Пры гэтым ніякіх заўвагаў з боку праваахоўных органаў і выбарчых камісій да іх не было, што сведчыць аб селектыўных падыходах да вулічных пікетаў па зборы подпісаў па вылучэнні тых ці іншых кандыдатаў;
  • назіральнікі кампаніі працягваюць атрымліваць адмовы ад ТВК у праве назіраць за працэдурамі праверкі подпісаў;
  • аналізуючы сітуацыю, якая склалася ў краіне і ўмовы правядзення выбараў у цэлым, эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічаць, што створаныя ўмовы правядзення сёлетняй выбарчай кампаніі несумяшчальныя з міжнароднымі стандартамі свабодных і  дэмакратычных выбараў, заснаваных на роўнай канкурэнтнай палітычнай барацьбе.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары