Упершыню ў гісторыі Беларусі. Як праводзіць выбары, калі рахунак кандыдата заблакаваны
17 чэрвеня стала вядома, што рахунак выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблакаваны. Свабода разабралася, хто мог прыняць такое рашэнне і што з гэтым можна зрабіць.
Больш за 100 тысяч рублёў на рахунку выбарчага фонду Віктара Бабарыкі заблакаваныя. Гэта адзіныя сродкі, якія кандыдат пасля рэгістрацыі можа траціць на агітацыю, рэкламу ды іншыя рэчы.
Сам Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард з раніцы 18 чэрвеня перасталі выходзіць на сувязь. Яны на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расследаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю, які раней завёў крымінальную справу на былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка кіраваў гэтым банкам 20 гадоў.
ЦВК: мы не можам заблакаваць рахунак выбарчага фонду
Прадстаўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Алена Дзьмухайла патлумачыла Свабодзе, што яны рахунак заблакаваць не могуць.
«Мы адносін да блякавання не маем, Выбарчы кодэкс гэтага не рэгулюе. Выбарчы кодэкс рэгулюе парадак адкрыцця рахункаў і іх выкарыстанне. Гэта абставіны, якія не звязаныя з выбарамі», — патлумачыла Алена Дзьмухайла.
Заблакаваць рахунак маглі ў межах крымінальнай справы, якую завялі адносна былых і цяперашніх супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Справай займаецца ДФР, дазваніцца туды Свабодзе не ўдалося.