Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віктар Бабарыка і яго сын затрыманыя. Яны ў СІЗА КДБ

Вылучэнец у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка і кіраўнік ягонага штаба Эдуард Бабарыка раніцай 18 чэрвеня перасталі выходзіць на сувязь, паведамілі ў штабе Бабарыка, піша TUT.BY.

Эдуард і Віктар Бабарыка. Фота:
Эдуард і Віктар Бабарыка. Фота: "Радыё Свабода", Уладзь Грыдзін

Штаб паведаміў, што каманда сабрала 425 тысяч подпісаў. Раніцай Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам паехалі здаваць чарговую частку подпісаў і перасталі выходзіць на сувязь.

"Але, на жаль, нам з усіх сіл перашкаджаюць усталяваць наш рэкорд. Сёння раніцай Эдуард і Віктар паехалі здаваць чарговую частку подпісаў сабраных вамі. Цяпер яны не выходзяць на сувязь, тэлефоны не даступныя. ДФР дзверы не адчыняе, каментароў не дае", - паведамілі ў штабе Бабарыка.

Напярэдадні стала вядома, што рахунак Віктара Бабарыка, на якім знаходзіцца сфарміраваны выбарчы фонд, заблакаваны — арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку.

У штабе таксама заявілі, што ў пятніцу, 19 чэрвеня, у 19.00 у час стрыму зробяць важную заяву з нагоды далейшых дзеянняў.

"Незалежна ад таго, ці будуць Віктар і Эдуард з намі", — адзначылі ў штабе.

Атрымаць каментар у ДФР КДК пакуль не ўдалося: афіцыйны прадстаўнік ведамства адключыў тэлефон.

Телеграм-канал ATN_NEWS (Белтэлерадыёкампанія) пацвердзіў, што Віктар і Эдуард былі дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК.

"Асноўная мэта "візіту" — правядзенне следчых дзеянняў, звязаных з нявыплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў у рамках расследавання крымінальнай справы па Белгазпрамбанку. Пры затрыманні ні адзін, ні другі прэтэнзій да аператыўнікаў не прад'яўлялі, не прад'яўляюць і цяпер. Акуратна даюць паказанні", — гаворыцца ў паведамленні.

"Паводле інфармацыі, якая распаўсюджваецца АТН (Белтэлерадыёкампанія), Віктар і Эдуард "акуратна даюць паказанні", што з'яўляецца следчым дзеяннем без прысутнасці адвакатаў. Адвакатаў Віктара і Эдуарда не дапусцілі са спасылкай на тое, што ў будынку праходзяць „вучэнні“», — пазней паведамілі ў штабе кандыдата ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

Гэта пацвярджаюць і карэспандэнты TUT.BY: убачыўшы прэсу, супрацоўнікі КДК зачынілі дзверы будынка знутры на ключ.

"Мы маем намер падаць скаргу на незаконнае затрыманне! Просім Вас дапусціць адвакатаў Віктара Бабарыка ў будынак! Вы абавязаны прыняць скаргу", — звярнуўся праз шкло да супрацоўнікам КДК адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Ён распавёў TUT.BY, што адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыка спрабуюць патрапіць да сваіх кліентаў з 9.30.

Другі адвакат, Аляксандр Пыльчанка, распавёў пра затрыманне кандыдата ў кандыдаты: "Яго не выклікалі на допыт, спынілі машыну і прапанавалі праехаць".

Тым часам з'явілася інфармацыя аб тым, што ў доме Бабарыкі праходзіць ператрус.

На вачах у карэспандэнта «Нашай Нівы» ўдзельнікі аперацыі знялі нумары з буса. Удзельнікі аперацыі хаваюць твары пад балаклавамі або майкамі, абматанымі вакол галавы.

vobshuk_babrika.jpg
Фота "Наша Ніва"

Прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка затрыманы "як кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці". Пра гэта ў эфіры навінавага выпуску на тэлеканале "Беларусь-1" паведаміў кіраўнік КДК Іван Церцель.

"Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў", — сказаў кіраўнік КДК.

Церцель заявіў, што ідзе праца па шэрагу кірункаў. Першае — махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 млн даляраў ЗША, у выніку якіх на замежныя рахункі ў падкантрольныя структуры членамі злачыннай групы выведзена буйная сума валюты.

"Акрамя таго, намі ўстаноўлены "адмавачныя" схемы, па якіх ажыццяўляўся вывад у замежныя банкі вялікіх сум валюты на падкантрольныя структуры", — заявіў Церцель.

Паводле яго слоў, адной з такіх структур з'яўляўся Латвійскі банк ABLV.

"Паводле звестак, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банка на яго рахункі з рахункаў Белгазпрамбанка было выведзена звыш 430 млн долараў ЗША", — распавёў старшыня КДК.

Ён дадаў, што задакументаваныя шматлікія факты атрымання хабараў службовымі асобамі банка за прадастаўленне крэдытаў прадпрымальнікам і асобам "з дрэннай крэдытнай гісторыяй".

"Устаноўлена таксама дачыненне шэрагу службовых асоб да арганізацыі схем, звязаных з фактычным прымусам грамадзян у атрыманні крэдытаў на сваё імя з наступнай перадачай імі грашовых сродкаў і забеспячэннем гэтымі сродкамі грамадзян за працэнты", — дадаў Церцель.

"Крадзеж, махлярства, атрыманне і дачы хабару, легалізацыя злачынных даходаў — усяго па крымінальных справах затрымана каля 20 чалавек, практычна ўсе яны супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя паказанні ў дачыненні да Бабарыка, як арганізатара злачыннай схемы", — такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Увечары стала вядома, што Віктара Бабарыка адправілі ў СІЗА КДБ. Пазней, як паведаміў TUT.BY, Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ і абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пра гэта напісала ў сваім Facebook яго дзяўчына.

"Толькі што са мной звязаўся дзяжурны хтосьці [з ДФР КДК] і паведаміў, што Эдзік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачваюць па артыкуле «ухіленне ад выплаты падаткаў", — распавяла дзяўчына.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары