Алену Маслюкову будуць судзіць. Праваабаронцы патрабуюць спыніць яе пераслед
На праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову 11 чэрвеня супрацоўнікі светлагорскага РАУС склалі пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) нібы за ўдзел 31 траўня ў пікетаванні ў мясцовым скверы.
Пратакол на яе склаў маёр міліцыі Аляксандр Пераведзенцаў. У пратаколе пазначана, што Алена Маслюкова "ажыццяўляла пікетаванне,прысутнічая ў групе грамадзян з дэманстрацыяй асабіста вырабленым Ахрамчуком транспаранта "Свабоду Сяргею Ціханоўскаму".
Судовае разбіральніцтва над Аленай прызначана 17 чэрвеня ў 10:00 у судзе Светлагорскага раёна. Суддзёй па справе прызначаны Руслан Царук.
Праваабаронца Алена Маслюкова з'яўляецца доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". На выбарчых пікетах па збору подпісаў яна ажыццяўляе свае функцыі па назіранню. Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч заяўляе, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да Алены Маслюковай расцэньваецца як перашкода ў ажыццяўленні ёй легітымнай дзейнасці як назіральніцы.
"З боку кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" мы выказваем рашучы пратэст супраць пераследу Алены Маслюковай і патрабуем неадкладна спыніць адміністрацыйны працэс, які быў распачаты ў дачыненні да яе", – адзначае Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, гэта не першы факт пераследу праваабаронцы "Вясны" Алена Маслюковай з-за яе экалагічнай і праваабарончай дзейнасці. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю міжнародных праваабарончых арганізацый:
Абсерваторыя патрабуе адмены штрафаў светлагорскім актывістам
Абсерваторыя рашуча асуджае пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
Алена Маслюкова пасля наведвання мясцовага РАУС заявіла, што яна катэгарычна незгодная з тым, у чым яе абвінавачваюць.
"Тое, што адбываецца зараз у Беларусі можна ацаніць, як поўную прававую вакханалію рэжыму. Зняволянні, затрыманні, складанне беспадстаўных пратаколаў на актывістаў – паказчык страху ўлады. Як можна так нізка апусціцца, каб абсалютна беспадстаўна, літаральна з пальца, высмоктваць тое, чаго не было? У нас праваахоўнікі, са сваёй маўклівай згоды, пераўтварыліся ў правапарушальнікаў і карнікаў, якім закон не пісаны", – каментуе сітуацыю праваабаронца.
Алена Маслюкова дадае, што яна адмоўна ставіцца да сітуацыі, якая склалася ў Светлагорску:
"Смурод штодня, горад пераўтварылі ў душагубку, а прыцягваюць да адказнасці экаактывістаў, якія не згодныя атручвацца. Падобныя дзеянні ўладаў наадварот падштурхоўваюць людзей да супраціву".
Праваабаронца паведаміла, што ў Светлагорску складаюць пратаколы на тых, хто на пікеце каля ГЦ “Бярозка” 31 траўня трымаў плакат з надпісам “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”. Так, пратакол па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) складзены на актывіста Сяргея Біствіцкага, а таксама два пратаколы на Віктара Ахрамчука. У РАУС выклікаюць Вадзіма Паветку.
За месяц – больш за 1000 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды